Новая паліцыя. Фота: rbc.ua
Пасля другога Майдану ўкраінскае грамадства знаходзілася ў чаканні перамен і рэформаў. МУС Украіны, якое цалкам дыскрэдытавала сябе пры папярэдняй уладзе, было адной са структур, якая падлягала поўнаму рэфармаванню.
І ўжо ў сярэдзіне 2015 года на вуліцах украінскіх гарадоў замест старой міліцыі пачалі з’яўляцца супрацоўнікі новастворанай паліцыі. Маладыя, падцягнутыя, у стылёвай форме і на новых машынах, патрульныя Нацыянальнай паліцыі Украіны дазволілі на нейкі час паверыць, што адна з асноўных рэформ у постмайданнай Украіне ўсё ж атрымалася. Але выявілася, што ўсё не так проста.
МУС Украіны сапраўды палепшыла якасць работы сваіх службаў, але сама рэформа мела палавінчаты характар.
Адным з сімвалаў новай паліцыі былі новенькія аўтамабілі Toyota Prius. Але гэты выбар быў памылковы, Toyota Prius — добры аўтамабіль, але толькі не для паліцыі.
Prius — гібрыдная машына з добрай экалагічнасцю і эканамічнасцю, але ёй не хапае дынамікі і хуткасці. Таксама гэтая машына вельмі лёгкая, і яе немагчыма выкарыстоўваць для блакавання руху. Да гэтага дадаецца высокі кошт эксплуатацыі і рамонту аўтамабіля. Але хто і навошта выбіраў падобныя аўтамабілі?
Справа ў тым, што Украіна атрымала гэтыя аўтамабілі ад Японіі бясплатна, але гэта не быў падарунак. З-за таго, што Японія перавысіла норму выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу па Кіёцкаму пратаколу, яна была вымушана выкупляць дадатковыя квоты ў іншых краін, якія свае квоты цалкам не выкарысталі, сярод якіх была і Украіна. Сродкі, якія Украіна атрымоўвае ад Японіі, згодна з Пратаколам накіроўваюцца на сацыяльныя і экалагічныя праекты. І Украіна вырашыла атрымаць гэтыя сродкі аўтамабілямі, але аўтамабілі маглі быць толькі экалагічнымі, таму ва Украіны асаблівага выбару і не было. З-за дэфіцыту сродкаў украінскія ўлады вырашылі выкарыстаць гэтыя аўтамабілі для патрэб Міністэрства ўнутраных спраў. Але трэба адзначыць, што рашэнне гэтае было прынята яшчэ пры прэзідэнцтве Януковіча, і непасрэдна не звязана са стварэннем новай паліцыі.
Не адпавядалі аўтамабілі і ўкраінскаму заканадаўству. Некаторыя Toyota Prius прыйшлі ва Украіну толькі з мігалкамі сіняга колеру, хаця такія машыны павінны мець яшчэ і чырвоныя мігалкі.
Для параўнання, грузінская паліцыя ў свой час атрымала Ford Police Interceptor — спецыяльны аўтамабіль, якім карыстаецца амерыканская паліцыя і які не ідзе ні ў якое параўнанне з Toyota Prius. Ford Police Interceptor можа вытрымаць задні таран на хуткасці да 120 км у гадзіну, а Toyota Prius пры самым нязначным сутыкненні разлятаецца ўшчэнт.
У 2015 годзе Украіна атрымала каля 350 аўтамабіляў Toyota Prius. І за першыя 6 месяцаў паліцэйскія разбілі 201 машыну. Адрамантаваць атрымалася толькі каля паловы пабітых машын.
Большасць аварый было па віне саміх паліцэйскіх. І прычынай гэтага было тое, што навучанне новых паліцэйскіх навыкам кіравання было недастатковым. Пры наборы кандыдатаў камісія не звяртала ўвагі на стаж кіравання аўтамабілем — у паліцыю мог трапіць нават чалавек, які толькі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне.
Неналежная падрыхтоўка навыкаў ваджэння новых паліцэйскіх — частка большай праблемы. На навучанне і падрыхтоўку новых паліцэйскіх украінскі МУС патраціў вельмі мала часу, і сама сістэма падрыхтоўкі выявілася не надта эфектыўнай. Калі з фізічнай падрыхтоўкай усё было не так і дрэнна (з будучымі паліцэйскімі займаліся спецыялісты з ЗША), то законы новыя паліцэйскія ведалі дрэнна. 3 месяцы падрыхтоўкі — відавочна недастатковы тэрмін, каб падрыхтаваць чалавека для службы ў паліцыі. Для параўнання, у Грузіі новых паліцэйскіх гадуюць на працягу года.
Кепская юрыдычная падрыхтоўка прывяла да таго, што ўкраінскія паліцэйскія ў першыя тыдні не ведалі нават базавых рэчаў. Кіеўскія суды вымушаны былі вяртаць у паліцыю справы, таму што паліцэйскія, напрыклад, не ўмелі правільна крэсліць план ДТЗ.
У першыя дні праца службаў МУС была фактычна паралізавана, таму што перааформіць няправільна запоўненыя дакументы было ўжо немагчыма. Дрэнна ведалі паліцэйскія і пра свае правы і абавязкі, чым карысталіся некаторыя асабліва пільныя і дасведчаныя грамадзяне.
Не была падрыхтавана пад рэформу і юрыдычная база. Паліцыя ў Кіеве з’явілася 4 ліпеня 2015 года, але на самой справе… гэта была яшчэ міліцыя. Закон «Аб нацыянальнай паліцыі» выйшаў толькі 7 лістапада 2015. Да гэтага часу паліцыя працавала па старым законе, што стварала цікавыя і нечаканыя сітуацыі. З-за таго, што ў законах фігуравала слова «міліцыя», а не «паліцыя», у першыя тыдні юрыдычна ў паліцыі не было ніякіх паўнамоцтваў. Аўтамабілі, форма з надпісам «Паліцыя» нідзе ў законах не фігуравалі, і людзі мелі поўнае права не падпарадкоўвацца іх загадам. Праз пэўны час гэтую праблему вырашылі — патрульным супрацоўнікам паліцыі выдалі спецыяльныя міліцэйскія пасведчанні.
У следчых спецыфіка была крыху іншая. Звольніць старых і падрыхтаваць новых патрульных прасцей, чым следчых.
Следчых не набіралі з нуля, яны проста праходзілі пераатэстацыю, адпаведна, і сама рэформа сярод следчых насіла больш фармальны характар.
Дзіўнай выглядае і аплата працы супрацоўнікаў МУС.
Патрульныя паліцэйскія ва Украіне атрымоўваюць годны па мерках гэтай краіны заробак — каля 12 тысяч грывень (850 рублёў).
Гэта справядліва і разумна, таму што з такім заробкам у патрульнага не будзе спакусы браць хабар.
Але ў той жа час следчыя атрымоўваюць каля 4—5 тысяч грывень (280—360 рублёў).
Цяжка казаць пра нейкую барацьбу з карупцыяй з такім заробкам.
Стандартная сітуацыя ў сучаснай Украіне: патрульныя паліцэйскія затрымліваюць «мажораў», сумленна выконваюць свой абавязак і адмаўляюцца ад хабару, прывозяць парушальнікаў у пастарунак. Але праз некаторы час участковыя і следчыя іх адтуль выпускаюць пры незразумелых абставінах.
Відавочна, што без хабараў тут не абыходзіцца. Але трэба прызнаць, што самі патрульныя паліцэйскія ва Украіне (у адрозненне ад следчых і вышэйшага кіраўніцтва) перасталі браць хабары. Ёсць адзінкавыя выпадкі карупцыі, але гэта не параўнаць з тым, што было раней.
Адсутнасць значнага прагрэсу ў рэформе МУС выклікана і вострым дэфіцытам кадраў. Навучальныя ўстановы Украіны выпускаюць дастаткова юрыстаў, але для маладых выпускнікоў праца ў камерцыйных структурах больш прывабная.
Да забеспячэння паліцэйскіх ёсць таксама шмат пытанняў. Калі ў Кіеве паліцэйскія атрымалі сапраўдную форму ад амерыканскай кампаніі 5.11 (якой карыстаецца, напрыклад, паліцыя Нью-Ёрка), то ў рэгіёнах паліцэйскія скардзіліся на якасць формы. Былі заўвагі ў паліцэйскіх і да тэхнікі.
Праваахоўнікам выдалі танныя кітайскія планшэты, якія заўсёды «тармазілі» і перазапускаліся. Новыя рацыі, якія выдалі патрульным, аказаліся аналагавымі, а не лічбавымі.
Адным з сімвалаў рэформы МУС у Грузіі (якая лічыцца эталоннай ва ўсім свеце) былі шкляныя празрыстыя паліцэйскія пастарункі, якія сімвалічна паказвалі адкрытасць МУС перад народам. Жыхары бачылі футурыстычныя празрыстыя будынкі, маглі бачыць працоўныя месцы супрацоўнікаў, і ўжо гэта на падсвядомым узроўні падвышала давер да праваахоўных органаў.
Пасты ўкраінскай паліцыі нагадваюць нейкія гандлёвыя павільёны. І, канечне, яны не празрыстыя.
Мае ўкраінская паліцыя не толькі арганізацыйныя і тэхнічныя праблемы, але і этычныя. У ідэале варта было б пашырыць паўнамоцтвы паліцэйскіх, але ўзнікае пытанне: да якой мяжы? У дадзены момант адсутнічае дакладна вызначаны рэгламент дзеянняў і кантроль за іх выкананнем, які б рэгуляваў ступень паўнамоцтваў праваахоўнікаў.
Украінская ўлада дзейнічае з аглядкай на народ, а народ можа ўспрыняць пашырэнне паўнамоцтваў паліцыі неадназначна: усе памятаюць пра дзеянні структур МУС на Майдане. Як вырашыць гэтую праблему з улікам украінскага менталітэту, пакуль ніхто не ведае.
На дадзены момант не зроблены крокі для рэформы аднаго з галоўных накірункаў — службы ўнутранай бяспекі, якая так і застаецца падпарадкаванай міністру, што не адпавядае міжнароднаму досведу і не дазваляе змагацца з карупцыяй на самым высокім узроўні.
Украінскія праваахоўнікі зрабілі вялікі крок наперад у рэфармаванні сваіх структур, асабліва патрульнай службы.
Патрульныя паліцэйскія не бяруць хабары, і яны маюць высокі для Украіны ўзровень падтрымкі. Выкарыстанне новых тэхнічных сродкаў у рабоце паліцыі таксама можна аднесці да плюсаў рэфармаванай службы, і гэты досвед магла б пераняць і беларуская міліцыя. Але сама рэформа МУС Украіны выявілася палавінчатай і менш паспяховай, чым у Грузіі:
большасць следчых міліцыі засталося на сваіх месцах у паліцыі, карупцыя на высокім узроўні працягвае квітнець, а сур’ёзная судовая рэформа яшчэ нават не пачалася.