Нядаўна польскія ўлады абвясцілі пра рэформу школьнай адукацыі. 

Цяпер польскія дзеці ідуць у школу у 6—7 гадоў па выбары бацькоў.

Найбліжэйшая да месца жыхарства дзіцяці школа абавязана прыняць дзіця па заяве бацькоў, але, калі ёсць жаданне, то дзіця можа вучыцца і ў іншай школе.

Першыя 3 гады дзеці займаюцца з адным настаўнікам па ўсіх прадметах, акрамя замежнай мовы, музыкі, інфарматыкі, фізкультуры і некаторых іншых прадметаў.

Англійская як замежная абавязковая для вывучэння, да яе могуць дадавацца іншыя — нямецкая, расейская, кітайская, французская і т. д. Першы этап навучання — пачатковая школа — займаў 6 год.

У Польшчы дзеці абавязаныя вучыцца да 18 год. Пасля пачатковай школы дзеці па выніках экзаменаў + па выніках па асобных прадметах ідуць у ліцэі, дзе адбываецца спецыялізацыя па кірунках. Хто не можа або не хоча ісці ў ліцэй, мае альтэрнатыву — тэхнікум.

Ва ўсіх школах краіны колькасць гадзін па розных прадметах аднолькавая. Вырашае гэта Міністэрства адукацыі. Але ёсць яшчэ дырэктарскія гадзіны. Гэта значыць, што дырэктар вырашае, на які прадмет даць дадатковыя гадзіны. Зацвярджае гэта педнарада і рада бацькоў.

Цяперашняя рэформа пакідае ўсе гэтыя опцыі, але прадугледжвае адмову ад набору ў гімназіі, падаўжае навучанне ў базавай школе да 8 гадоў і падаўжае навучэнне ў ліцэях да 4 год.

Што датычыцца колькасці гадзін, адведзеных на вывучэнне тых ці іншых прадметаў, то, напрыклад, матэматыцы і фізкультуры на працягу 4—8 класаў аддаецца па 4 гадзіны на тыдзень, інфарматыцы — па 1 гадзіне на тыдзень, фізіку будуць вывучаць па 2 гадзіны на тыдзень у 7 і 8 класе, першую замежную мову — па 3 гадзіны на тыдзень да 8 класа, прытым што з 7-га класа можа дадацца па 2 гадзіны на вывучэнне другой замежнай мовы і г.д.

Прапанаваная ўрадам рэформа выклікала ў Польшчы незадаволенасць многіх бацькоў і шматтысячныя пратэсты настаўнікаў.

Што ж насцярожвае польскую грамадскасць у прапанаваных урадам зменах у адукацыі? Дапамагчы разабрацца ў гэтым «Наша Ніва» папрасіла беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы ў школе №4 Беластоку і аўтарка падручніка па беларускай мове для пачаткоўцаў, сваё рэзка адмоўнае стаўленне да рэформы тлумачыць так: «Галоўнае, гэтую рэформу робяць і ўводзяць занадта хутка.

Яна не прадуманая, яе робяць без кансультацыі са спецыялістамі, прафесіяналамі, практычна без папярэдняй падрыхтоўкі. Людзі, адказныя за стварэнне базавай праграмы (podstawa programowa), рабілі яе хутка, не паспеўшы абдумацца, не ўсе з іх кампетэнтныя для такой працы. Пакуль сутнасць рэформы — вяртанне да ранейшага: базавая васьмігодка і сярэднія чатырохгадовыя школы. Мне асабіста гэта не падабаецца. Так падрыхтаваная рэформа нічога не палепшыць, я ўпэўнена. Шмат настаўнікаў страціць працу. Малыя дзеці будуць разам з вялікімі вучыцца да вечара ў перапоўненых школах. На маю работу яна, думаю, не паўплывае. Хаця не ведаю яшчэ, ці будзе ў нашай школе ў верасні сёмы клас, а праз год і восьмы. Няма пакуль рашэнняў. Не ведаю, колькі ўрокаў беларускай мовы будзе ў кожным з класаў. Хутка, непрадумана, абы-як, каб толькі па-іншаму. Я супраць такіх змен».

Што датычна таго, як зменіцца выкладанне беларускай мовы, як мовы нацыянальнай меншасці, то канкрэтыкі пакуль няма, гаворыць спн. Аліна: «Да гэтай пары было так: у пачатковай школе, то бок у 1—6 класах, яна выкладалася па 3 гадзіны на тыдзень у кожным класе, а ў 5 класе — чатыры гадзіны. У 6 класе дадаткова мінімум 30 гадзін на навучальны год адводзілася на «Гісторыю і культуру Беларусі». У гімназіі, у класах 1—3-х было па 3 гадзіны на тыдзень беларускай мовы, у 2-м класе — 4 гадзіны, і тое ж самае ў ліцэі па 3 гадзіны, а ў 2 класе — 4 гадзіны. Як будзе з верасня, пакуль невядома, яшчэ не вырашана. Чакаем інфармацыю».

Беларуская пісьменніца Святлана Курс жыве ў Варшаве. Як маці школьніка, яна добра разбіраецца ў нюансах сярэдняй адукацыі і таксама ставіцца да рэформы з насцярогай: «Польская адукацыя ў цэлым грунтоўная, заснаваная на класічных падставах — вывучаюцца гісторыя цывілізацый, рэлігій, міфалогія народаў свету, геаграфія палітычная і эканамічная, грамадскія навукі, розныя віды мастацтваў — тэатр, музыка, выяўленчыя, абстрактныя мастацтвы. Узровень навучання дакладных і прыродазнаўчых навук высокі. Як і абсталяванасць школ. З мінусаў назаву завялікую абароненасць настаўніка праз г.зв. «Карту настаўніка». Няўдалага педагога бывае цяжка адсунуць ад справы. Затое настаўнікаў не выкарыстоўваюць светапоглядна. Ніякай індактрынацыі, ніхто іх не змушае легітымізаваць псеўдавыбары і прамываць вучнёўскія галовы. У найлепшых варшаўскіх школах вучаць людзі, якія паводле падрыхтоўкі і маштабу асобы цалкам надаюцца на прафесараў універсітэтаў.

Рэформа выклікала маю насцярогу, я яе не ўхваляю з наступных прычын: 1. Гімназію плануюць злучыць з пачатковай школай. Гэта азначае, што карапузы-шасцігодкі і юнацтва да 13—14 гадоў будуць у адной прасторы. Гэта адкрывае дарогу паталагізацыі адных і інфантылізацыі другіх. 2. Рэформы такога кшталту не робяцца за год. Мінімум пяць год пераходнага перыяду неабходныя — арганізацыйныя пытанні, падручнікі, настаўніцкія лёсы, самі разумееце. 3. Бяднейшыя адзінкі мясцовага самакіравання, якія ледзь утрымліваюць школы, цяпер панясуць вялізныя страты, якасць адукацыі ўпадзе, з’явіцца шмат беспрацоўных. 4. У гімназіях дзеці ўжо мелі спецыялізацыю, было відно, каго да чаго цягне, ім дзялілі класы і кірункі паводле «прэдыспазыцыі». Што цяпер? 5. Рэформа кепская для здольных вучняў з кепскіх раёнаў: раней яны маглі змыцца ў добрую гімназію і атрымаць іншы жыццёвы бэкграўнд і старт. Цяпер — не. Таксама і тыя, каго ў роднай школе цкавалі і мучылі. Мой сын праскочыў праз рэформу — ён ужо ў ліцэі. Аднак мне шкада іншых бацькоў: тых, чые дзеці трапілі ў непадрыхтаваны вір рэформ».

Больш памяркоўна да меркаваных змен ставіцца беларуска Наталля Русецкая, якая выкладае літаратуразнаўства ў Люблінскім універсітэце і з’яўляецца маці двух школьнікаў: «Агулам я «за» рэформы, але паглядзім, як яны будуць праводзіцца. Мае дзеці ідуць яшчэ старой сістэмай, якая шмат у чым мне не падабалася: за 12 гадоў дзеці мяняюць 4 школы, губляюць час на адаптацыю і пішуць зашмат тэстаў. 3 гады лішнія штаны праціраюць. Але праблема школьнай адукацыі (не толькі ў Польшчы) значна глыбейшыя, чым закранае актуальная рэформа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?