Матч Беларусь – Польшча адкрывала сустрэча Уладзімера Ваўчкова (423-я пазыцыя ў рэйтынгу) і Міхала Пшысежнага (414-ты рэйтынг). Паляк упэўнена перамог — 6:2, 4:6, 6:1, 6:2.
Затым Максім Мірны (368-ты рэйтынг) прайграў Ежы Яновічу (681-ты).
Лік у гульні стаў 0:2 на карысьць польскай зборнай.
Каб беларусам перамагчы ў матчы, трэба выйграваць усе тры астатнія гульні, нашым заходнім суседзям дастаткова выйграць адну сустрэчу.
Перад матчам беларусы разглядаліся фаварытамі, бо зборная Польшчы прыехала ў Менск не ў наймацнейшым складзе: няма першых нумароў Давіда Алейнічка і Лукаша Кубата.
***
Матч Кубку Дэвіса праходзіць у Палацы тэнісу ў Менску, на адкрытым корце. Заўтра — парная сустрэча. На корт выйдуць Максім Мірны і Ўладзімер Ваўчкоў -- Марыюш Фірстэнбэрг/Марцін Маткоўскі (8-я пара сьвету). Пачатак а 11-й.
У нядзелю Ваўчкоў згуляе з Яновічам, а Мірны з Пшысежным. Пачатак першага матчу таксама а 11-й.
***
Па выніках матчу пераможца застанецца на наступны год у другім па значнасьці дывізіёне Кубка Дэвіса. Той, хто пацерпіць паразу, у верасьні згуляе са зборнай Грузіі. Каманда, што пацерпіць паразу, вылеціць у 2-ю Эўра-Афрыканскую групу.
Чатыры гады запар беларусы гулялі ў Асноўнай групе Кубку Дэвіса: сярод 16-ці наймацнейшых.