Год італьянскай культуры ў Беларусі пачаўся 23 студзеня. Прэзентацыю праграмы гэтай грамадска-культурнай ініцыятывы, якая ўключае каля 30 мерапрыемстваў на працягу года, на прэс-канферэнцыі ў Мінску правялі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і пасол Італіі Стэфана Б'янкі.

Мерапрыемстваў, звязаных з італьянскай культурай, з кожным годам у Беларусі ўсё большае, зазначыў італьянскі дыпламат. Б'янкі падзякаваў беларускім уладам за спрыянне, асабліва за тую падтрымку, якую яны аказалі Італіі для арганізацыі такой маштабнай ініцыятывы, як Год італьянскай культуры.

«У гэтай ініцыятывы ёсць яшчэ адна прычына акрамя таго, што яна спрыяе росту нашых мерапрыемстваў, — сказаў дыпламат. — Сёлета мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Італіяй і Беларуссю. Мы вырашылі, што было б выдатна арганізаваць такое буйное мерапрыемства, якое б у поўнай меры характарызавала нашы адносіны».

Больш за ўсё ў праграме Года італьянскай культуры выставачных мерапрыемстваў. Пасольства Італіі падрыхтуе нацыянальны павільён на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе 8—12 лютага. Увесну ў беларускай сталіцы пройдуць Дзень італьянскага дызайну і гісторыка-дакументальная выстава Ever Closer Union, 8-мы модны паказ «Мода Італія» і італьянскі дзень на Беларускім тыдні моды, а таксама выстава фатаграфій да 25-годдзя беларуска-італьянскіх дыпламатычных адносін.

Улетку беларусаў чакае выстава італьянскага мастака-футурыста Джэрарда Даторэ «Трыпціх хуткасці», восенню прадстаўнікі Італіі паўдзельнічаюць у выставе «Францыск Скарына і яго эпоха» і мерапрыемствах Месяца фатаграфіі ў Мінску. Сёлета беларусы таксама змогуць наведаць выставу муранскіх мастацкіх вырабаў са шкла.

У лютым акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага пакажуць камедыю «Карчмарка» Карла Гальдоні ў пастаноўцы італьянскага рэжысёра Матэа Сп'яцы. Спектакль «Пансіён Бельведэр» пад рэжысурай Сп'яцы ў сакавіку паставіць калектыў Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Італьянскія артысты возьмуць удзел у V Міжнародным форуме вулічных тэатраў у маі, а ў чэрвені па вуліцах Мінска пройдуць сцяганосцы з Губіа.

Дыялог прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін будзе арганізаваны на некалькіх мерапрыемствах вясной гэтага года — на круглым стале да 60-й гадавіны падпісання рымскіх дамоваў аб стварэнні Еўрапейскага эканамічнага саюза, а таксама на I італьянска-беларускім форуме па «зялёнай эканоміцы» і аднаўляных крыніцах энергіі.

Восенню ў Мінску пройдуць традыцыйныя мерапрыемствы — XVII Сусветны тыдзень італьянскай мовы і II Сусветны тыдзень італьянскай кухні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?