На перамовах, якія адкрыліся ў Жэневе, пацверджана ўзаемная цікавасць Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў СГА па далучэнні краіны да гэтай арганізацыі, паведаміў кіраўнік беларускай дэлегацыі першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.У Жэневе 23 студзеня пачаўся чарговы раўнд перамоваў аб далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

«Адбылася сустрэча са старшынёй рабочай групы СГА па ўступленні Беларусі, пастаянным прадстаўніком Турцыі пры СГА спадаром Кемалем Мадэнаглу. Мы таксама правялі сустрэчу з генеральным дырэктарам СГА Раберта Азеведа. Адбыліся прадметныя перамовы з прадстаўнікамі дэпартамента па далучэнні новых краін. Сустрэчы пацвердзілі ўзаемную цікавасць і Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў СГА па далучэнні нашай краіны да гэтага клуба і пацвердзілі нашы чаканні ад перамоўнага працэсу», — паведаміў Еўдачэнка па тэлефоне ў эфіры навін тэлеканала «Беларусь 1».

У рамках візіту, які будзе доўжыцца па 26 студзеня, адбудзецца восьмае афіцыйнае пасяджэнне рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА з удзелам прадстаўнікоў 46 краін — членаў арганізацыі, а таксама пройдуць двухбаковыя перамовы беларускай дэлегацыі з дэлегацыямі больш чым дзесяці краін.

Беларускі бок прадставіць у Жэневе свой погляд на ўсе спрэчныя пытанні, паведаміў журналістам 20 студзеня міністр замежных спраў Уладзімір Макей. «Мы не чакаем, што адразу ж атрымаем зялёнае святло, але перамовы з'яўляюцца вельмі важнымі. Яны важныя для высвятлення пазіцый бакоў, удакладнення падыходаў адпаведных дзяржаў і давядзення нашай пазіцыі па спрэчных пытаннях, якія яшчэ пакуль застаюцца», — сказаў ён.

Паводле інфармацыі МЗС, у склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, юстыцыі, а таксама Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Нацбанка.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч раней не выключыў, што Беларусь можа далучыцца да СГА ўжо да канца гэтага года. Паводле яго слоў, сур'ёзных бар'ераў для гэтага цяпер не існуе.

Беларусь — адзіная дзяржава Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), якая не з'яўляецца членам СГА.

29 сакавіка 2016 года Лукашэнка правёў нараду аб узаемадзеянні краіны з СГА, на якой даручыў актывізаваць перамоўны працэс. Неўзабаве пасля гэтага ўказам прэзідэнта быў абноўлены склад міжведамаснай камісіі па пытаннях далучэння Беларусі да СГА, якую ўзначаліў першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі.

Заяўку на ўступленне ў СГА Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. Шэраг экспертаў лічаць, што краіна сур'ёзна запазнілася з уступленнем у СГА. Так, адзначаюць яны, за мінулыя 20 гадоў працэс далучэння да арганізацыі істотна ўскладніўся. Акрамя таго, аналітыкі ўказваюць на такія ўпушчаныя выгады ад членства ў СГА, як паляпшэнне доступу на рынкі краін-партнёраў за кошт зніжэння шэрагу гандлёвых бар'ераў, магчымасць выкарыстання механізму вырашэння спрэчак, скарачэнне антыдэмпінгавых расследаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?