Новы ўладальнік «Формулы-1», амерыканская кампанія Liberty Media, звольніла Берні Эклстоўна з пасады генеральнага прамоўтара гонак, якую ён займаў некалькі дзесяцігоддзяў.

Па словах самога Эклстоўна, яго пазбавілі ўсіх паўнамоцтваў і прызначылі ганаровым прэзідэнтам «Формулы-1». Пры гэтым, прызнаўся бізнэсмэн, ён не зусім разумее, што гэта за пасада і што на ёй трэба рабіць.

Месца Эклстоўна зойме Чэйз Кэры, вядомы як паплечнік медыямагната Руперта Мэрдака і віцэ-прэзідэнт кампаніі XXI Century Fox. Акрамя таго, па ініцыятыве новага ўладальніка ў «Формулу-1» вернецца Рос Браўн.

Браўн стане спартыўным дырэктарам «Формулы-1». Да гэтага ён працаваў тэхнічным дырэктарам у камандах Benetton, Ferrari і Honda, а таксама ўзначальваў Mercedes і ўласную каманду Braun GP.

Кампанія Liberty Media анансавала набыццё «Формулы-1» яшчэ ў верасні, аднак афіцыйна здзелку закрылі толькі цяпер. Восенню кампанія абяцала, што Эклстоўн захавае сваю пасаду.

Сума здзелкі ацэньваецца прыкладна ў 4,4 млрд даляраў. Кошт актываў «Формулы-1» ацэньваецца вышэй — прыкладна ў 8 млрд даляраў - але ў ходзе перамоваў бакі ўлічылі існуючы ў яе ўладальнікаў доўг 4,1 млрд даляраў.

Берні Эклстоўн пачынаў сваю кар'еру як гоншчык, але істотных поспехаў не дасягнуў. Ён перакваліфікаваўся спачатку ў асабістага менеджара для гоншчыкаў, а затым у дырэктара каманды Brabham.

У 1970-х гадах Эклстоун, які ўвайшоў да таго моманту ў асацыяцыю канструктараў «Формулы-1», здолеў заключыць некалькі выгадных здзелак з рознымі тэлеканаламі, прадаўшы ім права на трансляцыю гонак за нязвыкла буйныя па тых часах грошы.

Менавіта з імем Эклстоўна звязваюць рэзкі рост папулярнасці «Формулы-1» і прыход у яе вялікіх грошай, бо да заключаных ім здзелак гэты від аўтаспорту не быў паспяховым з камерцыйнага пункту гледжання.

У выніку Эклстоўн стаў лічыцца фактычна галоўным чалавекам у «Формуле-1» і заставаўся ім да нядаўняга часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?