Міністэрству адукацыі даручана да 2020 года абнавіць дзейныя і распрацаваць новыя адукацыйныя стандарты для «найбольш поўнага забеспячэння патрэб эканомікі ў кваліфікаваных кадрах з улікам змяненняў, якія адбываюцца на рынку працы».

Гэта прадугледжана комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, зацверджаным пастановай Савета міністраў № 18 ад 12 студзеня 2017 года. Дакумент сёння апублікаваны на сайце ўрада.

Прадугледжваецца абнавіць не менш за 40% стандартаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і не менш за 15% стандартаў вышэйшай адукацыі. Таксама плануецца абнавіць агульнадзяржаўны класіфікатар «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», у які будуць уводзіцца новыя прафесіі і пасады і анулявацца састарэлыя. У сістэме дадатковай адукацыі прадугледжана стварыць і зацвердзіць нарматыўную прававую базу па развіцці дыстанцыйнай формы навучання для дарослых.

Таксама «ў мэтах забеспячэння росту якасці і даступнасці адукацыі» плануецца да канца 2018 года ўвесці абноўленую вучэбную праграму дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, прадугледжваецца павялічыць ахоп інклюзіўными формамі адукацыі да 80% асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Да 2020 года павінны быць распрацаваны і ўкаранёны электронныя адукацыйныя рэсурсы і сродкі навучання (навучальныя базы дадзеных, электронныя энцыклапедыі, даведнікі, тэставальныя сістэмы, гульнявыя навучальныя праграмы), якія будуць ісці ў якасці дадатку да базавых падручнікаў. З гэтай мэтай да 2020 года плануецца аснасціць сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем не менш як 40% школ.

У гэтым годзе стаіць задача забяспечыць у школах магчымасць вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў рамках профільнага навучання.

Мінадукацыі і Міністэрству замежных спраў даручана стымуляваць развіццё супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Таксама неабходна стварыць нарматыўна-прававы дакумент, які б рэгуляваў парадак утварэння, функцыянавання і спынення дзейнасці адасобленых падраздзяленняў беларускіх устаноў адукацыі за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?