— Як вы сочыце за жыццём Беларусі? 

— Я вымушаны жыць у ЗША і ў Эўропе (Польшча). Інфармацыю пра Беларусь маю ад структураў палітычнай арганізацыі з усёй Беларусі; ад кантактаў зь людзьмі зь Беларусі; ад сваіх карэспандэнтаў; ад кантактаў з палітыкамі і рознымі асобамі; з сродкаў масавай інфармацыі.

— Што, на ваш погляд, кардынальна змянілася ў краіне за гэтыя 20 гадоў? Чым Беларусь пачатку 90-х адрозніваецца ад Беларусі нашага часу?

— Зьмянілася шмат што. Гэта зьмены ўпадку, апісаныя ўжо шырока. Калі «кардынальна», то зьмяніўся дух грамадзтва. Гэтае грамадзтва бяз крылаў.

— Спадар Зянон, якой была б Беларусь, калі б у 1994 годзе прэзідэнтам сталі вы?

— Людзі ўсюды ўсьміхаліся б адзін да аднаго і радаваліся б прысутнасьці.

— Вас яшчэ памятаюць у Беларусі?

— Мяне ведаюць ня толькі ў Беларусі.

— Павал Шарамет назваў вас «адваротным бокам Лукашэнкі». А што вы думаеце пра Паўла Шарамета?

— Зямля яму пухам. Фармулёўка «адваротным бокам Лукашэнкі» — гэта прапагандысцкае клішэ, дзеля дэфармацыі вобразу, прыдуманае на Лубянцы, якое паўтараў ня толькі адзін Шарамет. На жаль, ён позна пачаў разумець сутнасьць рэчаў, за што тут жа і паплаціўся.

— Як вы лічыце, просты чалавек як бачыць будучыню нашай краіны? Якой ён бачыць Беларусь?

— Наш просты чалавек думае пра простыя рэчы і чакае, што яму нехта іх забясьпечыць. Праўда такая, што сваёй будучыні звычайна ня мае той, хто пра яе ня думае. Але і думаць мала. Трэба ствараць. Запатрабаваныя стваральнікі. Калі яны будуць, тады зьменяцца думкі «простага чалавека».

— Чаму сярод беларусаў так мала змагароў? Чаму мы такая рахманая нацыя?

— Беларусы — гістарычна змагарны народ. Тое, што цяпер «мала змагароў» (але яны ёсьць), — гэта вынік пэрманэнтнага фізічнага вынішчэньня актыўнай верхавіны нацыі акупацыйнымі і антынароднымі рэжымамі. Рэмісія і адраджэньне зьвязаныя з высьпяваньнем пакаленьняў і зьяўляюцца важным, але адносным чыньнікам. Нэгатыўны адбор зьяўляецца абсалютным. У гэтым найбольшая небясьпека антынародных акупацыйных рэжымаў дзеля будучыні людзей.

— Як можна аб’яднаць беларусаў? Мы ўсё роўна падзелены на «ўсходнікаў» і «заходнікаў».

— Рэальны падзел на «ўсходніх» і «заходніх» ёсьць ва Украіне і абумоўлены гістарычна больш чым двухсотгадовым існаваньнем заходніх украінцаў пад Габсбургамі і 18-гадовым — пад палякамі. У 1918—1919 гг. на гэтых землях была ўтворана і існавала незалежная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка (якая да таго ж ваявала з Польшчай і Румыніяй).

У Беларусі такога рэзкага падзелу няма. Ён перабольшаны. 18 гадоў пад польскай акупацыяй, нягледзячы на палітыку паланізацыі, ня мелі істотнага ўплыву на мэнтальнасьць беларусаў. Не існуе «заходнебеларускай» ідэалогіі, сьведамасьці і салідарнасьці. Няма антыпатыі паміж «заходнімі» і «ўсходнімі». Быў розны сацыяльны вопыт, бо беларусы заходніх вобласьцяў валодалі прыватнай уласнасьцю і часткова пазьбегнулі бальшавіцка-маскоўскага галадамору, калектывізацыі 30-х гадоў і генацыду (масавых рэпрэсіяў і расстрэлаў).

Зянон Пазьняк

Грамадзтва ёсьць цяпер палітычна падзеленае. Але палітычны падзел грамадзтва выкліканы не фактам даўняй акупацыі ўсходняй і заходняй тэрыторыі Беларусі. Яго падзяліла расейскае тэлебачаньне. Тут не настолькі сьветапоглядны, колькі эмацыйна-ірацыянальны падзел (тым ён і шкодны, бо чалавек замбаваны, яго рэакцыя па-за межамі рацыё). Мяжа якраз пралягае тут. Таму першае, што абавязкова цяпер трэба зрабіць, думаючы пра аб’яднаньне беларусаў, — гэта заткнуць пашчу, заблакаваць і ліквідаваць голас электроннага бандыта. Гэта пытаньне надзвычайнай важнасьці. Наступнае — нацыянальнае беларускае тэлевяшчаньне (і ўсе праблемы, з гэтым зьвязаныя).

— Чаму ўсходняя і заходняя цывілізацыі не ўжываюцца мірна, без вайны?

— Цяпер пра цывілізацыйны канфлікт кажуць у сувязі з агрэсіяй ісламскіх радыкалаў супраць Заходняга сьвету. Прычына канфлікту ў дактрыне (і практыцы) глабалізацыі і ў сістэмным лева-лібэральным крызісе заходняй дэмакратыі. Прытым правакацыйным чыньнікам канфлікту выступае якраз лева-лібэральны Захад праз навязваньне Усходу сваіх антыкаштоўнасьцяў, якіх Усход ніколі ня прыме. Эканамічная аснова канфлікту цягнецца яшчэ з часоў каланіялізму.

Цяпер, спадзяюся, зразумела, «чаму яны не ўжываюцца мірна, без вайны». У аснове канфлікту ня толькі эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы, але таксама розныя ідэалогіі з праекцыяй на будучыню чалавецтва. Гэтая камбінацыя самая небясьпечная, бо вядзе да глабальнай вайны, якая рэальна ўжо пачалася ў 2001 годзе і працягваецца ў тлеючай форме.

У так званай тлеючай «цывілізацыйнай вайне» Расея выступае на баку Усходу. Так склалася даўно, калі Масковія была часткай Мангольскай імпэрыі, але гістарычна выжыла да сёньняшняга дня. Мэнтальны чыньнік уплывае на характар паводзінаў.

Новыя навуковыя дасягненьні кружылі ў сфэры навукі, практычна не трапляючы ў палітыку і ідэалогію. Але сьвет стаў метадычна даведвацца, хто ёсьць хто. На сёньняшні дзень міфалагічная легенда імпэрскай гісторыі пасыпалася і загадала доўга жыць. Дастаткова было аднаго, што расейцы (рускія) гэта ня ёсьць славяне і ўсе казкі пра «трыадзіны рускі славянскі народ», «старэйшага брата» (а ён увогуле ня брат) ды «старажытнарускую дзяржаву» ператварыліся ў пусты міфалагічны хлам.

Лічу патрэбным заўважыць, што якраз цяпер Расея мэтанакіравана пачала падрыхтоўчую фазу гібрыднага захопу Беларусі ў прапагандзе і дэзінфармацыі. Сьпешна зьявілася нават «мастацкая літаратура» (Міхаіл Папоў), дзе беларусы груба паказаныя такімі недачалавекамі, прымітыўнымі і адсталымі, а беларуская дзяржава — непаразуменьнем. Усё беларускае расейская прапаганда вульгарна ў хамскім стылі стала абзываць «нацыянал-фашызмам» (успомнім сэнтэнцыю Чэрчыля аб тым, як фашысты будуць называць антыфашыстаў «фашыстамі»). Цытата: «габрэйская журналістка і псэўдаліберальныя журналісты Беларусі няўстойлівай сэксуальнай арыентацыі (чытай — «піндосы») раскручваюць самыя нізкія формы нацыянал-фашызму» (журналіст У. Салаўёў).

Зянон Пазьняк

Тым часам было абвешчана, што Мураўёў-Вешальнік Людаед — гэта «расейскі нацыянальны лідар», які «расстраляўшы восем каталіцкіх ксяндзоў, здзейсніў асабісты духоўны подзвіг» і г. д.

Неўзабаве беларусы таксама пачуюць, што іх і іхнюю мову прыдумала Аўстра-Венгрыя, дзяржаву стварылі «жыда-масоны», а беларускай нацыі і беларускай мовы «ваабшчэ не сушчэствует». Прытым 96 адсоткаў тэлевізійных гледачоў будуць у гэта асьцервянела верыць з пенай ў роце. Таму я і кажу пра нацыянальнае беларускае тэлебачанне.

— Якая галоўная пагроза сучаснага свету? Ісламізм? Геі? Трамп?

— Iмпэрыя. Iмпэрыя з рэліктавай агрэсіўнай мэнтальнасьцю і ядзерным арсэналам. Ды яшчэ і з агрэсіўнай ідэалогіяй.

— Вы пражылі ў Амэрыцы шмат часу. Чым гэтая краіна прынцыпова адрозніваецца ад Беларусі? Чаму беларусам можна павучыцца ў Амэрыкі?

— Амэрыка — краіна эмігрантаў. Эмігранты ёсьць асноўны найбольш танны і найбольш выдайны рэсурс і сродак вытворчасьці, аснова багацьця Амэрыкі. Амэрыканцы падпарадкоўваюцца законам, якія дзейнічаюць, дзякуючы збалансаванаму падзелу ўладаў.

Беларусь — унітарная монакультурная краіна. На сёньняшні дзень параўнаньне з Амэрыкай ня можа быць карэктным, таму што сапраўднае аблічча Беларусі схаванае.

У маральна-гуманітарным сэнсе, у чалавечым разьвіцьці, кемлівасьці і пазнаньні беларусы вышэйшыя за амэрыканцаў. Амэрыканцам у гэтым сэнсе шмат чаму можна было б павучыцца ў беларусаў, калі б яны не былі так задаволеныя сабой.

Што датычыць беларусаў, то галоўнае, чаму добра, каб яны навучыліся ў амэрыканцаў, — гэта цаніць свабоду і гонар краіны. Амэрыканцы, дарэчы, вялікія патрыёты Амэрыкі і зорна-паласатага сьцяга. Добра было б таксама пераняць культуру грамадзкага абыходжаньня амэрыканцаў (адсутнасьць грубасьці і хамства).

— За каго вы былі: за Хілары ці за Трампа?

— За амэрыканскі выбар.

— Як абранне Трампа зменіць жыццё Беларусі?

— Ніяк ня зьменіць. Можа толькі паспрыяць пераменам.

— У чым галоўныя недахопы амэрыканскага ладу жыцця?

— У адсутнасьці вольнага часу; у аднабаковым пазнаньні і разьвіцьці асобы; у абсурдным існаваньні абсурдных законаў (якіх процьма); у манаполіі адвакатаў; у абсурднай паліткарэктнасьці і падпарадкаваньні грамадзтва маргінальным мяншыням; у накіраванасьці працы на эксплуатацыю мазгоў і рабочай сілы (акрамя дзяржаўных служачых, практычна ніхто не працуе менш за 12 гадзін ў дзень, а то і больш, і без выхадных); у масе сацыяльных паразітаў, якія жывуць за кошт бюджэту (па інфармацыі — 46 мільёнаў на «вэлфары», дзе шмат здаровых і маладых з асяроддзя тых жа мяншынь).

Дадам, што ў амэрыканскага ладу жыцьця ёсьць нашмат больш станоўчых якасьцяў, якіх няма ў Эўропе. А што датычыць эканамічнай, фінансавай і гандлёвай сфэры, то тут ўсё вышэйшае на цэлы парадак. З такімі краінамі, скажам, як Францыя, Польшча ці Чэхія, дык у гэтым сэнсе і параўноўваць не выпадае.

— Якія галоўныя кнігі, на ваш погляд, павінен прачытаць кожны беларус?

— Біблію і Эвангельле Госпада нашага Ісуса Хрыста.

— Наколькі цяжкім для вас было рашэнне не прыязджаць у Беларусь на пахаванне маці?

— Вельмі цяжкім, бо немагчыма было перайсьці праз лінію фронту.

— Цi плануеце вы вярнуцца?

— Вярнуся і ўсіх вас выратую — рыхтуйце гарэлку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?