У цэху адмысловых кінавідэатэхналёгіяў «Тэлекіно» рыхтуецца да запуску новы комплекс тэлекінапраекцыі.

Кінастудыя набыла сучасны тэлекінадатчык DIXI SD кампаніі CTM Debrie, каб перакладаць кінавыяву з пазытыўных і негатыўных кінастужак у відэафармат. Гэты тэлесін мае сыстэмы для счытваньня key‑коду, аналягавых і лічбавых (Dolby) фанаграмаў, а таксама для паплянавай карэкцыі колеру. Што гэта значыць?

Простымі словамі, гэта значыць, што калі абсталяваньне паступіць на кінастудыю, беларускія стужкі нарэшце можна будзе пабачыць на DVD.

Зараз, каб пазнаёміцца з клясыкай беларускага кінематографу, гледачу неабходна сачыць за праграмай ТВ, альбо ісьці ў Музэй кіно, дзе небагата прадстаўлена нават фільмаў нямога перыяду, якіх ,было выпушчана ня так ужо й многа.

Што ўжо казаць пра доступ у архіў кінафотафонадакумэнтаў — для шырокай грамадзкасьці ён, вядома, зачынены.

Са зьяўленьнем на кінастудыі новай тэхнікі, існуюць пляны па стварэньні прадпрыемства для выпуску кінапрадукцыі на лічбавых носьбітах — прычым, ліцэнзыйнай — а выпуск беларускай прадукцыі будзе мець некаторы прыярытэт.

Новаўводзіны ў практыцы кінастудыі адбываюцца як частка яе рэканструкцыі; яшчэ напачатку года паведамлялася, што на рэканструкцыю плянуецца асвоіць больш за 45 мільёнаў даляраў ЗША.

Апаратура для перагонкі стужак у лічбу можа паступіць ужо ў ліпені. А праз колькі месяцаў мы, магчыма, набудзем для калекцыі першыя беларускія фільмы — «Лясную быль» (1926) і «Прастытутку» (1927).

І ўсё ж, існуе меркаваньне, што тэхналёгія будзе выкарыстоўвацца выключна ў камэрцыйных патрэбах — для распаўсюду на DVD сучасных стужак «Беларусьфільму», вытворчасьць якіх мае тэндэнцыю да павелічэньня на дзьве ў год.

Таму ня выключана, што ў першую чаргу выпусьцяць фільмы гэтага (10 стужак) і наступнага гадоў. Клясыка патрапіць у кожны дом пасьля сучасных шэдэўраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?