Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў 25 студзеня выступіў са зваротам па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады. Прэс-служба Акорды распаўсюдзіла тэкст выступлення Нурсултана Назарбаева.

«Я звяртаюся да вас па прынцыповым для нашай краіны пытанні - гэта пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі дзяржаўнай улады. Асноўная сутнасць - прэзідэнт аддае шэраг сваіх паўнамоцтваў парламенту і ўраду», - падкрэсліў у сваім звароце Нурсултан Назарбаеў. Кіраўнік Казахстана адзначыў, што моцная прэзідэнцкая вертыкаль патрэбна была краіне ў ходзе пераадолення цяжкасцей станаўлення дзяржавы. «Яна сябе ў той час апраўдала. Але рэформа нацэлена на павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання», - растлумачыў ён.

Сутнасць прапанаванай рэформы - у значным пераразмеркаванні паўнамоцтваў, дэмакратызацыі палітычнай сістэмы ў цэлым. Для прэзідэнта ў новых умовах прыярытэтамі стануць стратэгічныя функцыі, роля вярхоўнага арбітра ў адносінах паміж галінамі ўлады. Кіраўнік дзяржавы сканцэнтруецца таксама на знешняй палітыцы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці краіны. Пры гэтым роля ўрада і парламента значна ўзмоцніцца. «Гэта работа будзе праводзіцца па двух ключавых напрамках. Па-першае, неабходна перадаць значную частку ўстаноўленых законам паўнамоцтваў прэзідэнта па рэгуляванні сацыяльна-эканамічных працэсаў ураду і іншым выканаўчым органам», - паведаміў ён.

Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, другая, больш складаная задача - збалансаваць адносіны паміж галінамі ўлады на канстытуцыйным узроўні. «Важна ўзмацніць ролю парламента ў фарміраванні ўрада, павысіць адказнасць кабінета міністраў перад дэпутацкім корпусам. Атрымаўшая перамогу на парламенцкіх выбарах партыя будзе ўплываць на фарміраванне ўрада. Зыходзячы з гэтага, будзе заканамерным, калі ўрад стане складаць паўнамоцтвы перад нававыбраным мажылісам, а не прэзідэнтам, як гэта было раней. Трэба спрасціць парадак ваказвання недавер'я членам урада з боку парламента. Гэта ўзмоцніць кантроль заканадаўчай галіны ўлады за выканаўчай», - падкрэсліў ён.

Як адзначыў Нурсултан Назарбаеў, мэтазгодна было б перадаць ураду зацвярджэнне дзяржпраграм, за якія ён будзе несці ўсю паўнату адказнасці. Акрамя таго, ураду можна перадаць права ўтвараць і касаваць цэнтральныя выканаўчыя органы, што не ўваходзяць у яго склад. Прэзідэнт можа адмовіцца ад права адмяняць або прыпыняць дзеянне актаў урада і прэм'ер-міністра.

«Страцілі актуальнасць нормы аб магчымасці прыняцця прэзідэнцкіх указаў, якія маюць сілу закона. Прапануецца ўзмацніць ролю парламента ў адносінах да мясцовай выканаўчай улады. Акрамя таго, трэба прапрацаваць пытанне аб удасканаленні дзейнасці Канстытуцыйнага савета, судовай сістэмы і пракуратуры. У той жа час нам неабходны безумоўныя гарантыі нязменнасці нашага канстытуцыйнага ладу», - рэзюмаваў прэзідэнт.

Праект канстытуцыйных рэформ у Казахстане будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?