Штогод крытыкі наракаюць, штогод аксакалы плююць, але штогод ёсьць... пра што пісаць.
Чытацкі фотарэпартаж з «Басовішча»
Старшыня журы Лявон Тарасэвіч са сцэны жорстка праходзіцца па канкурсантах, кажучы, што конкурс на «Басах» ператвараецца ў нейкую «Славянскую восень». Той жа Сенька з «Zero-85» за сцэнай кажа, што «Басовішча» ператвараецца ў «запаведнік беларускага року». Размовы пра застой на «Басовішчы» не сьціхаюць ужо каторы год, але кардынальна на фэсьце нічога не мяняецца. «Басовішча» застаецца адначасова найбуйнейшым беларускім рок-фэстывалем і местачковай зьявай. Ці як можна назваць фэст, які праводзіцца без сур’ёзнай рэклямнай кампаніі, прэс-канфэрэнцый, з абы-як скляпанай праграмай, без харызматычных вядучых і сур’ёзных музыкаў з польскага боку?
Выходнымі ў Гарадку прайшло 17-е «Басовішча». «Апошняе непаўналетняе», як жартавалі вядучыя. У намётавым гарадку «Басовішча» было як ніколі цесна: ня тое што паставіць новы намёт, прайсьці было цяжкавата. А колькі намётаў стаяла проста па дварох у Гарадку! «Басовішча» расьце.
На гэтым «Басовішчы», як ніколі, абвастрылася праблема «беларускасьці» музыкі. Маладыя каманды збольшага пяюць па‑расейску альбо па‑ангельску, а на родную мову пераходзяць толькі для ўдзелу ў пэўнай складанцы альбо фэстывалі. Зь іншага боку: хто цяпер узгадае, што «Індыга» i «IQ48» колісь сьпявалі па‑расейску? Тут не на мове трэба заганяцца.
...
Фэстываль перажыў «крызіс жанру»: калі некалькі год таму яго можна было сьмела назваць «фэстам цяжкага року», то сёлета музыка была напраўду на любы густ.
Цяпер польскія сродкі масавай інфармацыі часта выцягваюць вось такі аспэкт пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Я хачу сказаць, што гэты фэстываль мы зарганізавалі, калі Лукашэнкі яшчэ не было. І зарганізавалі ня супраць чаго-небудзь, а найперш дзеля сябе, дзеля таго, каб паказаць сучасную беларускую музычную культуру. Выступалі тут і барды, і рок-гурты. Нам не ўяўлялася, што яно здабудзе працяг на кожны год. А вось пад гэтым дахам, што адсюль відаць, дзе цяпер прадаюць піва, мы зрабілі ўвесь рок-канцэрт. Энтузіязму было многа, а вось з прафэсіяналізмам… Вядома, першы фэстываль ня меў нічога супольнага, затое ідэя, дух былі вялікія.