Лідар і адзін з заснавальнікаў гурту «Палац» Алег Хаменка лічыць, што 25 гадоў для групы — гэта зусім не мяжа.

«Каб разважаць пра тое, што значыць для гурту дата ў 25 год, напэўна, трэба ўзважваць у параўнанні. Калі параўноўваць з Rolling Stones, якім у гэтым годзе з 55 — то вельмі мала. Сёння мне здаецца, што любы музычны гурт мусіць спадзявацца на актыўную творчую працу не менш чым 30 год», — лічыць Алег Хаменка.

Гасцям юбілейнага канцэрта гурт падрыхтаваў сюрпрызы. Так, да прыкладу, на канцэрт запрошаны ўсе, хто так ці інакш за 25 гадоў меў дачыненне да творчасці «Палаца».

Са слоў музыкаў, да юбілею гурт падыходзіць з хваляваннем, але не без нотак гонару.

Гурт «Палац» вядомы спалучэннем фолку з сучаснымі музычнымі кірункамі і стварэннем новага стылю ў музыцы, фолк-мадэрну, на пачатку 90-х.

Перадгісторыя гурту пачалася ў 1987 годзе, калі Алег Хаменка вярнуўся з арміі і пазнаёміўся з Юрыем Выдронком, які і запрасіў яго ў паўпрафесійны калектыў. Гурт пачаў граць хард-рокавую праграму, паралельна выступаючы як кавер-бэнд на вяселлях і працуючы над уласным матэрыялам. Калі было напісана дастаткова аўтарскіх песень, гурт перайменаваўся ў «Палац» у 1992 годзе.

Аб'ядноўваючы народныя песні з сучасным гучаннем, гурт знайшоў свой, уласцівы толькі яму, пазнавальны стыль.

«Нам падавалася, што калі б культура Беларусі не знішчалася савецкай уладай на працягу 20-га стагоддзя, то беларуская музыка была б менавіта такой, як граем мы. Мы бачылі, што кожны выбітны гурт у свеце грае ў сваёй, уласцівай толькі яму стылістыцы», — распавядае Алег Хаменка.

Павіншаваць «Палац» з 25-цігоддзем, а Алега Хаменку з 50-годдзем можна будзе 4 красавіка ў бровары «Друзья». Пачатак а 19-й гадзіне, кошт квіткоў складае ад 20 да 30 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0