18—20 ліпеня ў гарадскім пасёлку Івянец праходзіць першая сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі з усіх дыяцэзій краіны. На мерапрыемстве прысутнічаюць больш за 1.300 чалавек — маладыя людзі з Гродзенскай, Пінскай, Віцебскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Супрацоўнікі міліцыі ў мэтах бяспекі правяраюць асабістыя рэчы ўдзельнічаў сустрэчы.

Каталіцкую моладзь Беларусі вітаў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў аб тым, што ў аўстралійскім Сіднэі праходзіць сустрэча каталіцкай моладзі свету з папам рымскім Бенедыктам XVI, і мерапрыемства ў Івянцы арганізавана для духоўнага яднання са Святым Айцом.

"Сёлета папа заклікае моладзь прыняць сілу Духа Святога і быць сведкамі Хрыста ў сучасным секулярызаваным свеце, які мае патрэбу ў хрысціянскім сведчанні, — зазначыў Т.Кандрусевіч. — У сучасным свеце шмат слоў і абяцанняў, але вельмі мала сапраўднага сведчання. Маладыя людзі сёння з'яўляюцца першай мішэнню сучаснай нігілістычнай культуры, якая іх заклікае і заахвочвае культываваць толькі сумныя страсці. Тэлебачанне і іншыя сродкі масавай камунікацыі становяцца тэрыторыяй без маральных правілаў, якія вядуць чалавека да духоўнай дэградацыі".

19 ліпеня ў Івянцы адбудзецца тэлетрансляцыя з Сіднэя, канферэнцыя з біскупамі, музычны канцэрт, моладзі зачытаюць пасланне кардынала Тарчызіо Бертоне. 20 ліпеня ў дзве гадзіны ночы плануецца прамое ўключэнне з Сіднэя. Моладзь благаславіць папа рымскі Бенедыкт XVI. Таксама чакаецца прыезд у Івянец апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі ксяндза-кардынала Казіміра Свёнтэка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?