Беларусы прайгралі па сваім корце зборнай Польшчы матч Кубку Дэвіса (0:3), і зараз перад нашымі тэнісістамі замаячыла пэрспэктыва скаціцца на самы ніз сусьветнай тэніснай піраміды.

Парная гульня – трэцяя сустрэча матчу Кубку Дэвіса – мела адбыцца ўчора. Але паколькі было вырашана гуляць на адкрытым корце, то праз дождж, які пэрыядычна ліў цэлы дзень, то сустрэчу перанесьлі на нядзелю.

Сёньня на корт замест заяўленых раней Макса Мірнага і Ўладзімера Ваўчкова супраць Марціна Маткоўскага і Марыюша Фірстэнбэрга выйшлі маладыя Андрэй Каратчэня і Павал Катляроў.

Яны здолелі навязаць супраціў толькі ў першым сэце -- 4:6.Другі сэт нашы бяздарна саступілі – 0:6, у трэцім толькі ў самым пачатку здолелі пасупраціўляцца, але палякі таксама ўпэўнена выйгралі – 2:6. У апошнім сэце з твару Маткоўскага / Фірстэнбэрга не сыходзіла ўсьмешка.

Зборная Польшчы датэрмінова выйграла матч Кубку Дэвіса – 0:3. Потым прайшлі яшчэ дзьве сустрэчы. Адну беларусы выйгралі Андрэй Каратчэня перамог Ежы Яновіча 3:6, 6:2, 6:4.

***

У беларускай тэніснай казкі аказаўся драматычны фінал. Палякі ехалі ў Менск… каб прайграць. Амаль усе спэцыялісты прадказвалі перамогу беларусам, асабліва пасьля таго, як адмовіліся ехаць у Менск першыя нумары зборнай заходняй суседкі: Алейнічак і Кубат.

Другім нумарам у палякаў паехаў 17-гадовы Ежы Яновіч, які ў пятніцу жорстка ўказаў Мірнаму на яго сёньняшняе месца ў сусьветным тэнісе, расткатаўш беларуса ў трох сэтах.

Цяпер зборная Беларусі ў верасьні пазмагаецца са зборнай Грузіі за права застацца ў 1-й Эўра-Афрыканскай групе Кубку Дэвіса. Гаспадар матчу шчэ не вядомы. Той, хто прайграе, падае яшчэ ніжэй, у 2-ю групу, адкуль выбрацца будзе вельмі цяжка.

***

Чатыры гады таму беларусы дабраліся да паўфіналу асноўнай групы Кубку Дэвіса, дзе прайгралі зборнай ЗША. А да гэтага былі бліскучыя перамогі над Расеяй, Аргентынай, праз год – над Гішпаніяй.

Таму вінаваціць Мірнага і Ваўчкова ў пройгрышы палякам ня тое, што не выпадае, а антычалавеча.

Яны некалькі год запар удвох трымалі зборную Беларусі сярод 16-ці наймацнейшых зборных сьвету.

Да гэтага часу не забыць той драматычны матч Беларусь – Расея ў лютым 2004 г. Прычым памятаецца ня столькі траўма Ваўчкова, атрыманая ім у першым матчы, а потым яго бліскучае вяртаньне на корт у нядзелю, а мэгагульня (у гэтым слове ніякай іроніі) Макс Мірны – Марат Сафін. Гульня, што доўжылася пяць гадзін. Але варта было зазірнуць тэлекамэры ў вочы Макса, каб зразумець, ён або выйграе той матч, або памрэ на корце. Трэцяга ня дадзена.

Віна ў сёньняшняй паразе кіраўніцтва беларускага тэнісу. За тое, што за 10 год, ніхто на зьмену Мірнаму і Ваўчкову ў мужчынскім тэнісе не прыйшоў. У Швайцарыі адмаўляцца гуляць за зборную Фэдэрэр, там трагедыі ня робяць, бо хапае тэнісістаў.

У нас жа толькі вечна падаючая надзеі моладзь, якая нічога не паказвае, бо ёй не даюць гуляць. дзе ж вопыту набірацца?

Казка скончылася, пачынаюцца суворыя будні бяз Мірнага і Ваўчкова.

Дзякуй вам, Максім і Ўладзімер за тое, што радавалі нас цягам некалькі год, і даруйце за тое, што не далі вам своечасова і годна сысьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?