У 2016-м годзе даволі шмат пісалі аб беларускіх сувязях Трампа. Наваградскі музей габрэйскага супраціўлення нават, па ўсім відаць, атрымае выгаду ад гэтага неспадзяванага сваяцтва. Дзякуючы гэтаму стаў тэарэтычна магчымы другі візіт амерынскага прэзідэнта ў незалежную Беларусь.

Фота прэс-службы Белага дома

Фота прэс-службы Белага дома

Але ў гісторыі Трампа ёсць яшчэ адзін цікавы беларускі момант. Беларускі журналіст Юры Дракахруст, каментуючы захады 45-га прэзідэнта Злучаных Штатаў, выказаўся наступным чынам: «Ён [прэзідэнт ЗША] можа гэтаму спрыяць, падаць адпаведны законапраект у Кангрэс, але не больш за тое: як Аляксандр Рыгоравіч, падпісаць і проста загадаць рабіць тое і тое ён не можа».

Вядома, у немалой ступені ён мае рацыю. Але дакладнейшы позірк на юрыдычную практыку ЗША паказвае, што пэўныя паралелі з Беларуссю існуюць і яны не толькі фармальныя. Палітычная сістэма Злучаных штатаў далёка не такая дасканалая, як часам здаецца. Вядома, канстытуцыя фармулюе шмат абмежаванняў для прэзідэнта і кангрэсу, абавязваючы асноўныя сілы дзейнічаць у межах сістэмы раўнавагі інстытутаў.

Тым не менш, сама прырода прэзідэнцкай улады ў ЗША хавае ў сабе пэўныя недахопы, якія ў меншай ступені ўласцівыя, напрыклад, парламенцкім дэмакратыям. Напрыклад, аб «ліцэнзіі на дэкрэт» амерыканскага прэзідэнта піша нямецкі журналіст Канстантын Вісман. Ён падкрэслівае: Трамп — гэта вынік памылкі, закладзенай у саму сістэму амерыканскай палітыкі.

Амерыканская дэмакратыя на практыцы часцяком рэгулюецца не пісаным правам, а праўным звычаем. Так, прэзідэнцкі дэкрэт як такі наогул не ўпамінаецца ў Канстытуцыі ЗША.

Але як кіраўнік выканаўчай галіны ўлады прэзідэнт ЗША прымае рашэнні, абавязковыя для выкананні ўсімі дзяржаўнымі службоўцамі. Для юрыдычнага афармлення рашэнняў прэзідэнта гістарычна ўзніклі два тыпы нарматыўных актаў - прэзідэнцкая пракламацыя (presidential proclamation) і прэзідэнцкі дэкрэт (executive order). Менавіта дэкрэт надае ўладзе амерыканскага прэзідэнта юрыдычную эфектыўнасць. Для зацвярджэння дэкрэта не патрабуецца згода палат кангрэса, і скасаваць іх можна толькі праз прыняцце законаў, якія б аспрэчвалі нормы таго ці іншага дэкрэта. Але гэта здараецца рэдка, паколькі прэзідэнт мае права вета, якое пераадольваецца толькі кваліфікаванай большасцю (2/3 галасоў) абедзвюх палат. Зазвычай адзіны дзейсны спосаб скасаваць той ці іншы дэкрэт — праз дэкрэт наступнага прэзідэнта.

Тое, што цяпер робіць Трамп — такая ж частка амерыканскай палітычнай традыцыі, як заступленне прэзідэнта на пасаду ці абструкцыі ў сенаце.

Напрыклад, Абама за час свайго прэзідэнцтва выдаў 277 дэкрэтаў, Джордж Буш-малодшы — 299, а Франклін Рузвельт — 3721. То бо, няма сэнсу крытыкаваць Трампа за гэтыя дэкрэты. Ён робіць дакладна тое самае, што рабілі ўсе 44 ягоныя папярэднікі, пачынаючы ад Джорджа Вашынгтона. Мае сэнс крытыка непасрэдна сістэмы, якая робіць такую канцэнтрацыю ўлады ў руках адной асобы магчымай.

Беларуская палітычная сістэма нашмат маладзейшая за амерыканскую. Беларускі дэкрэт, у сваю чаргу, — яшчэ маладзейшы. Першая рэдакцыя беларускай канстытуцыі не прадугледжвала такога паняцця, даючы прэзідэнту права выдаваць указы, праз якія ён меў рэалізоўваць свае паўнамоцтвы. У прынцыпе, змястоўна яны адпавядаюць амерыканскаму дэкрэту — у 1994—1996 яны афармлялі рашэнні, якія прымаў беларускі прэзідэнт як кіраўнік выканаўчай улады.

У лістападзе 1996 года ў беларускае канстытуцыйнае права было ўведзенае паняцце «дэкрэт». Гэта далёка не аналаг амерыканскага «executive order».

Артыкул 101 Канстытуцыі адрознівае два тыпы дэкрэтаў. Звычайны дэкрэт выдаецца прэзідэнтам у тым выпадку, калі адпаведныя паўнамоцтвы яму перадалі палаты Нацыянальнага сходу. Але ў выніку ўзнікнення адмысловых акалічнасцяў кіраўнік дзяржавы можа выдаваць «часовыя дэкрэты». У трохдзённы тэрмін такі дэкрэт падаецца ў палаты парламента. Яны могуць скасаваць такі дэкрэт толькі кваліфікаванай большасцю.

Ад амерыканскага беларускі дэкрэт адрозніваецца тым, што юрыдычна ён — мацнейшы за закон.

Гэта прадугледжвае артыкул 137 беларускай канстытуцыі. Такім чынам кіраўнік беларускай дзяржавы атрымаў значныя заканадаўчыя паўнамоцтвы, якія не ўласцівыя офісу амерыканскага прэзідэнта.

Першы дэкрэт быў падпісаны беларускім прэзідэнтам 11 снежня 1996 года. Тычыўся ён праўнай рэалізацыі вынікаў лістападаўскага рэферэндуму — уводзіў дзяржаўнае свята 3 Ліпеня. У сярэднім за год кіраўнік дзяржавы падпісвае каля 10-15 такіх нарматыўных актаў (агульнае ўяўлянне дае пералік тут). Адзін з апошніх — «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?