На аднаўленне балот у рамках міжнароднага праекта ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду «Тарфянікі-2» Беларусі выдзелена 4,3 млн даляраў, паведаміў 30 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Свідзінскі.

«Гэтыя грошы — уклад міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў захаванне беларускіх экасістэм, у прыватнасці балот, якія ўяўляюць унікальную каштоўнасць для ўсяго Еўрапейскага кантынента», — сказаў прадстаўнік Мінпрыроды, адзначыўшы, што сродкі пойдуць на распрацоўку канцэпцыі праекта, а таксама непасрэдна на выкананне работ, звязаных з аднаўленнем гідралагічнага рэжыму, аблясеннем гэтых тэрыторый.

Цяпер ідзе працэс нацыянальнай рэгістрацыі праекта, які павінен быць рэалізаваны да 2030 года. Пачатак яго выканання запланаваны на верасень 2017 года. Па словах Свідзінскага, у рэабілітацыі мае патрэбу траціна балотных угоддзяў.

Да 2030 года, адзначыў ён, плануецца аднавіць 75 тыс. га парушаных тарфянікаў. Агульная плошча тарфянікаў у Беларусі складае 2,39 млн га, у натуральным або блізкім да натуральнага стане захавалася 863 тыс. га.

Прадстаўнік Мінпрыроды паведаміў, што летась у рамках праекта «Тарфянікі-2» быў падрыхтаваны пералік парушаных тарфянікаў краіны, якія падлягаюць рэабілітацыі. Іх плошча роўная 143,3 тыс. га, ацэначны кошт паўторнага забалочвання складае каля 10 млн даляраў.

За мінулы год было паўторна забалочана 14,5 тыс. га парушаных тарфянікаў. Акрамя таго, адзначыў Свідзінскі, у рамках рэалізацыі папярэдняга міжнароднага праекта «Тарфянікі-1» — праведзеная рэабілітацыя 28 тыс. га балот, пашкоджаных у выніку здабычы торфу і меліярацыі.

Паводле слоў прадстаўніка Мінпрыроды, мерапрыемствы праводзяцца ў рамках стратэгіі захавання і рацыянальнага (ўстойлівага) выкарыстання тарфянікаў, зацверджанай пастановай Савета міністраў ад 30 снежня 2015 года № 1111.

Свідзінскі падкрэсліў, што знаходжанне балот у натуральным стане дазволіць захаваць у іх каля 500 млн. т вугляроду і больш за 7 млрд. куб. м запасаў прэснай вады, зберагчы месцы пражывання і росту дзікіх жывёл і раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, забяспечыць узнаўленне рэсурсаў журавін у аб'ёме больш за 10 тыс. тон штогод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?