Як мне падаецца, некаторыя людзі не зусім слушна ацэньваюць сэнс і значэньне штрафу за абразу беларускай мовы.

Тут галоўнае — стварэньне юрыдычнага прэцэдэнту. Дэманстрацыя таго, што дзяржава (у гэтым канкрэтным аспэкце) гатовая абараняць ад абразаў беларускую мову. Бо раней у нас просто не было юрыдычных выпадкаў даведацца, а што ж дзяржава гатовая зрабіць на гэты конт.

А цяпер ёсьць важны прэцэдэнт, якім можна карыстацца ў далейшым жыцьці і якім (так!) у тым ліку можна і пагражаць. Бо мы, грамадзтва, вядома, павінны рабіць сваю частку справы (штурхаць, разьвіваць, ствараць, пераконваць), але апрыёры ня можам выканаць за дзяржаву яе функцыю — адміністратыўную, арганізацыйную, і ў тым ліку каральную.

Гэта, ведаеце, як з суседам праз сьценку, які сьвідруе кожны вечар і кожную нядзелю свой рамонт — хаця ў выходныя і ў позні час гэта забаронена. І вы яму кажаце — «калі ласка, не сьвідруйце ў нядзелю, дайце адпачыць». Добры сусед скажа «добра, прабачце», а кепскі скажа — «пляваў я на вас». І тады вам застаецца толькі адзін цывілізаваны аргумент — «а я міліцыю выклічу».

Канешне, хацелася б, каб людзі самі пранікаліся ўсім тым харошым, чым яны павінны пранікнуцца, і як толькі ў нейкім аўтобусе 10 працэнтаў загавораць на беларускай мове, то астатнія 90 адразу зведваюць катарсіс, глыбокі маральны пералом усіх каштоўнасьцяў, і выйшаўшы з аўтобуса, пабягуць у кнігарню купляць беларускія кнігі. І неадкладна «на нашых калгасных палетках зацьвітуць белыя і чырвоныя кветкі», а таксама Imagine all the people living in the peace. І прочая і прочая.

Але мы жывем трошкі ў іншым сьвеце, з людзьмі, многія з якіх рабілі б шмат болей непрыемных рэчаў і нават злачынстваў, калі б не было страху пакараньня. А таксама — уявіце сабе — ёсьць людзі, якіх ужо ніколі ня зьменіш, і ад якіх у пэўных пытаньняў можна чакаць толькі гадасьці. І вось калі іх ня стрымліваць, то пры пэўных умовах яны гатовыя ўтвараць розныя Данецкія рэспублікі.

Адзінае, што можа іх стрымаць — гэта страх пакараньня. Вельмі карысная рэч, я вам скажу, нельга яе ігнараваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?