На амерыканскім тэлеканале выйшла тэлешоу з удзелам беларускага гурту. Тым часам музыкі рыхтуюцца да другога туру па ЗША.
Джагер Ітан у сярэдзіне
«Стары Ольса» другі раз у сваёй гісторыі выпраўляецца за акіян: з 1 сакавіка да 5 красавіка музыкі даюць канцэрты ў Амерыцы. Гэтым разам яны выступяць у асноўным у штаце Тэхас. Іх музыку пачуюць на адным з буйнейшых фэстаў сьвету «South by Southwest Music» і на фэсце «Sherwood Forest Fair». Прычым на апошнім запланавана ажно 5 выступаў, кожны уік-энд. Таксама гурт зайграе ў Сан-Антоніа, Даласе, Х’юстане, некалькі канцэртаў дасць на радыё.
У студзені на амерыканскім тэлеканале Nickelodeon адбылася прэм’ера тэлешоу «Jagger Eaton’s Mega Life» з удзелам беларускай каманды. «Ольсы» вучаць старадаўнім танцам вядоўцу, амерыканскую зорку скэйтборду Джагера Ітана. Праграма даступная толькі для падпісантаў.
А па вяртанні з туру дадуць канцэрт у Мінску 8 красавіка ў межах «Дударскага фэсту».