Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017» у Кіеве гурт Naviband выступіць 11 мая ў другой частцы другога паўфіналу.

фота Мікіты Недаверкава

Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, лёсаванне размеркавання краін-удзельніц па двух паўфіналах конкурсу прайшло 31 студзеня.

Усяго ў гэтым годзе ў конкурсе возьме ўдзел 43 краіны. Вызначана, што ў першым паўфінале 9 мая выступяць 18 краін, у другім 11 мая — 19.

У другім паўфінале разам з Беларуссю выступяць і прагаласуюць: Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Данія, Ізраіль, Ірландыя, Літва, Македонія, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Расія, Румынія, Сан-Марына, Сербія, Харватыя, Швейцарыя і Эстонія.

Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія і арганізатар конкурсу гэтага года Украіна аўтаматычна трапляюць у фінал 13 мая, аднак яны таксама транслююць паўфіналы і галасуюць за іх удзельнікаў. Італія, Іспанія і Вялікабрытанія будуць ацэньваць канкурсантаў першага паўфіналу, а Германія, Францыя і Украіна — другога.

Парадкавыя нумары ўдзельнікаў абодвух паўфіналаў будуць вызначаны пазней рашэннем прадзюсараў шоу. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў у паўфіналах дзейнічае ўжо некалькі гадоў і дазваляе арганізатарам рабіць шоу эфектным і ўнікальным.

Гурт Naviband у складзе Арцёма Лук'яненкі і Ксеніі Жук з'явіўся ў 2014 годзе і выконвае ў асноўным беларускамоўныя песні. У адборачным туры на «Еўрабачанне» яны ўдзельнічаюць другі раз. У дзень фіналу нацыянальнага адборачнага тура конкурсу, 20 студзеня, гурт выпусціў трэці альбом пад назвай «Ілюмінацыя», які прадставіць на канцэрце 14 лютага ў Мінску.

Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2017» пройдзе ў Кіеве з 9 па 13 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?