Замежныя грамадзяне, якія прыбываюць па бязвізавым рэжыме ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, будуць правярацца праз спецыяльныя базы, якія існуюць у Беларусі і Расіі. Пра гэта сёння ў час відэамоста, на якім абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з увядзеннем у Беларусі бязвізавага ўезду для грамадзян 80 дзяржаў, заявіў беларускі эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка.

Эксперт акцэнтаваў увагу, што бязвізавы ўезд будзе дазволены толькі праз мінскі аэрапорт. Існуе сістэма бяспекі самога аэрапорта, сістэма кантролю бяспекі пагранічнай службы, мытнай службы.

«Чалавек праходзіць поўнасцю фільтрацыю з пункту гледжання работы з базамі, — адзначыў Аляксандр Цішчанка. — Усе праблемныя асобы, якія знаходзяцца ў нашых беларускіх і расійскіх базах, будуць праходзіць праз гэты фільтр баз. Таму гаварыць аб тым, што хтосьці праблемны можа трапіць на тэрыторыю Беларусі і адпаведна далей неяк рухацца на тэрыторыю Расіі — гэта, па сутнасці, рэч надуманая».

Афіцыйныя асобы, у тым ліку з расійскага боку, прызнаюць, што сістэмы бяспекі і кантролю за ўездам іншаземных грамадзян не мяняюцца. «Прычым гэта выказана на даволі высокім узроўні», — адзначыў эксперт. На яго думку, заклапочанасць наконт рашэння аб бязвізавым уездзе больш фігуруе ў расійскіх СМІ.

«Сістэмы бяспекі, выбудаваныя ў рамках Саюзнай дзяржавы, дзейнічаюць вельмі дакладна, — сказаў Аляксандр Цішчанка. — Ідзе абмен данымі на ўзроўні ўсіх службаў, а не толькі пагранічных».

Указам нумар 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду іншаземных грамадзян» з 12 лютага ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш як 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную граніцу Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў. Дзеянне дакумента распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Канаду, Японію і іншыя дзяржавы. У першую чаргу гэта стабільныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўстанавілі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?