На першым пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні традыцыйнай для апазіцыі акцыі «Дзень Волі», якое адбылося 31 студзеня ў Мінску, абмеркаваныя лозунгі ўдзельнікаў вулічнага шэсця.

Заяўку на правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі 6 студзеня перадалі ў Мінгарвыканкам прадстаўнікі чатырох апазіцыйных структур: руху «За Свабоду» (Аляксандр Русевіч), аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Аб'яднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі) і Партыі БНФ (Дзмітрый Каспяровіч).

На пасяджэнні аргкамітэта было вырашана, што лозунгамі акцыі стануць: «Дзень Волі — 2017», «Разам — за Незалежнасць» і «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Паводле слоў старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, лозунгі павінны «падкрэсліць неабходнасць кансалідацыі ўсяго беларускага грамадства на аснове незалежнасці, каб абараніць дзяржаву ад магчымай агрэсіі», а таксама адлюстраваць «сацыяльна-эканамічны складнік акцыі».

«Тых, хто не згодны з сацыяльна-эканамічнай палітыкай, якую праводзіць улада, мы запрашаем далучыцца да акцыі», — сказаў Янукевіч.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 7 лютага. Лідар Партыі БНФ зазначыў, што на яго запрашаюцца «ўсе зацікаўленыя бакі», каб «дасягнуць максімальнай кансалідацыі дэмакратычных сіл для рэалізацыі сумеснага сцэнарыя акцыі».

У аргкамітэт уваходзяць Партыя БНФ, рух «За Свабоду», рух салідарнасці «Разам», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Аб'яднаная грамадзянская партыя. Ініцыятары акцыі спадзяюцца, што да аргкамітэта далучацца іншыя дэмакратычныя структуры.

Арганізатары акцыі прапаноўваюць Мінгарвыканкаму дазволіць наступны маршрут правядзення акцыі (з 14.00 да 15.30): збор на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Мітынг не плануецца.

Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?