Давайце не будзем раздзімаць тэму, заявіў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка 1 лютага перад сумесным пасяджэннем кіраўніцтва Мінадукацыі і камісій Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы і Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

Так ён пракаментаваў інцыдэнт у адной з мінскіх школ: васьмігадоваму хлопчыку не дазволілі выйсці з класа падчас урока, і ён абмачыўся. Мама хлопчыка расказала аб тым, што здарылася, журналістам.

Міністр адзначыў, што інфармацыя, распаўсюджаная ў СМІ, «не зусім адпавядае рэчаіснасці», але ў чым неадпаведнасць, не сказаў. Разам з тым ён адзначыў, што «не выпускаць дзіця ў туалет — гэта ненармальна».

Карпенка выказаў меркаванне, што няправільна інтымныя падрабязнасці выносіць на публіку. «Маме трэба было тэлефанаваць не ў газету, а прыйсці ў школу і разабрацца ў гэтых пытаннях. Трэба разумець, што бацькі і настаўнік — ўзаемазвязаныя партнёры ў адукацыйным працэсе», — сказаў міністр.

Ён таксама адзначыў, што асобасны фактар прысутнічае ў любой прафесіі: «Вы прыходзіце ў краму. Прадаўцы ўсе аднолькавыя? Не ўсе. Хтосьці усміхаецца, а хтосьці грубіяніць. Прыходзіце ў паліклініку. Здараецца, што ўрач не так паглядзеў. Казаць, што толькі настаўнікі такія злосныя, не разумеюць дзяцей, несправядліва. Трэба рабіць папраўку на чалавечы фактар, могуць узнікнуць нейкія асобасныя акалічнасці. Нават акцёр на сцэне не кожны раз аднолькава іграе сваю ролю. Прафесія педагога досыць складаная, я б рэкамендаваў пытанні бацькам і настаўнікам вырашаць персанальна, а не выносіць на шырокі суд грамадскасці, тым самым шкодзячы свайму дзіцяці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?