Роўнасць беларускай і рускай моў будзе ўсталёўвацца без гвалту і прымусу, заявіў журналістам старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк 1 лютага перад пачаткам сумеснага пасяджэння кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

«У Ірландыі таксама дзве дзяржаўныя мовы, але большасць ірландцаў гавораць па-англійску, і скальп ніхто з іх за гэта не здымае, — сказаў Марзалюк. — Мы будзем ўсталёўваць роўнасць моў роўна, спакойна. Напрыклад, калі ў Мінску ёсць пяць беларускамоўных гімназій, для іх вучняў паводле азначэння не павінна быць праблем з працоўнымі сшыткамі, падручнікамі на беларускай мове. Яны павінны ў поўным аб'ёме атрымліваць усю неабходную літаратуру на беларускай мове з дзяржаўных выдавецтваў».

Пры гэтым, дадаў Марзалюк, «свабоду выбару мовы навучання ў школе ніхто не адмяняў». Гэта далікатнае пытанне, асабліва з улікам таго, што Беларусь «перажыла 200 гадоў русіфікацыі, а да таго была паланізацыя».

На пытанне, ці лічыць ён неабходным з'яўленне беларускамоўнага ўніверсітэта ў Беларусі, Марзалюк адказаў, што ў некаторых ВНУ ёсць цалкам беларускамоўныя спецыяльнасці — напрыклад на гістарычным факультэце БДУ.

«Калі мы гаворым пра еўрапейскасць, давайце на першы план ставіць свабоду выбару чалавека. Нішто так не адштурхвае і не выклікае алергію, як прымус і гвалт у гэтым вельмі далікатным пытанні. Напрыклад іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае — гэта мова сэрца», — сказаў Марзалюк.

Паводле яго слоў, калі паглядзець на Беларусь у гістарычнай перспектыве, то «беларускі нацыянальны праект надзвычай эфектыўны і паспяховы». «Беларусь за 100 гадоў прайшла ўсе этапы ўтварэння дзяржавы, створаная нацыя, высокая інтэлектуальная інфраструктура, краіна, дзе робяць найлепшыя ў свеце камп'ютарныя гульні. У беларускіх журналістаў, апазіцыйных і не толькі, ёсць комплекс непаўнавартасці, смутку, плачу. Мы між тым нармальная самадастатковая нацыя», — заявіў дэпутат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?