Акцыя «Я люблю Лошыцкі парк» адбудзецца сёньня ў Менску. Плянуецца абмеркаваньне магчымых варыянтаў выратаваньня парку і сядзібы, выступ эколягаў і гісторыкаў.

Акцыя пачнецца перад уваходам у парк з вуліцы Маякоўскага у 20:00

Як паведамляла Наша Ніва, адзіны ў Менску зялёны парк без атракцыёнаў зьбіраюцца перабудаваць.

Кажуць, што чыноўніцкі загад распаўсюджваецца на 10 гектараў тэрыторыі. Ляндшафт зьменіцца цалкам, ад вялікага пладовага саду застанецца толькі кавалачак. У Лошыцкім парку бульдозэры валяць дрэвы і выразаюць урадлівы грунт. На процілеглым баку землярыйная тэхніка засыпае былы стаў — запруду на рэчцы.

18 ліпеня менская мастачка, блогерка Ніка Сандрос выступіла зь ініцыятывай правесьці акцыю ля паркавай брамы.

«Існуе меркаваньне, што калі Лошыцкі парк будзе рэстаўравацца гэткім жа чынам, як цяпер рэстаўруецца возера, ён будзе страчаны назаўжды», — непакоіцца Ніка Сандрос.

«Я думаю, што слушную дапамогу ў выратаваньні Лошыцкай сядзібы можа аказаць любы чалавек, будзь ён з БНФ альбо БРСМ», — піша Ніка Сандрос.

Прыгэтым палітычныя лёзунгі, плякаты і сьцягі любога колеру падчас акцыі блогерка будзе расцэньваць як правакацыю.

«Я веру, што пасьля сёняшняе сустрэчы зьявіцца група незалежных і адэкватных людзей, гатовых выдаткоўваць свой час на выратаваньне парку», — кажа Ніка Сандрос.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0