Прадстаўнікі краін — членаў Еўрасаюза і Еўрапарламента заключылі пагадненне наконт адмены роўмінгу ў ЕС. Па словах еўрадэпутата Міхала Боні, пагадненне прадугледжвае ўстанаўленне максімальных аптовых расцэнак для аператараў тэлефонных сетак краін Еўрасаюза.

«З чэрвеня гэтага года ў выпадку выезду за мяжу роўмінг павінен быць такі ж, як у роднай краіне. Безумоўна, з пункту гледжання аператараў, ключавое значэнне маюць максімальныя расцэнкі», — адзначыў еўрадэпутат.

Найбольш праблемным пунктам перамоваў з'яўлялася ўстанаўленне цэн на перадачу дадзеных, гэта значыць выкарыстанне інтэрнэту ў тэлефоне. Згодна з выніковым рашэнням, расцэнкі на інтэрнэт будуць паступова зніжацца на працягу 5 гадоў. У сваю чаргу, аптовыя кошты на званкі і SMS-паведамленні не будуць змяняцца з чэрвеня 2017 года, калі роўмінг у ЕС будзе цалкам адменены.

Згодна з новымі расцэнкамі, з 15 чэрвеня максімальная цана за тэлефонную размову знізіцца з 0,05 еўра за хвіліну да 0,032 еўра за хвіліну. Кошт SMS-паведамлення з 0,02 еўра знізіцца да 0,01 еўра.

Кошты на інтэрнэт будуць зніжацца паступова.

З 15 чэрвеня кошт гігабайта складзе 7,7 еўра, з 1 студзеня 2018 года — 6 еўра і будзе зніжацца на 0,5 еўра кожны год. У пачатку 2022 года максімальны кошт гігабайта складзе 2,5 еўра.

Пагадненне павінны прыняць ўрады краін-членаў Еўрасаюза і Еўрапарламент, аднак, гэта будуць толькі фармальныя крокі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?