Беларусь працягвае перамовы з Міжнародным валютным фондам (МВФ) па новай крэдытнай праграме, паведаміў журналістам 2 лютага ў Мінску першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

«Кансультацыі з МВФ не спыняліся. Працягваецца праца і ўзаемадзеянне па бюджэтных пытаннях. Але што да бюджэту 2017 года, ён не супярэчыць тым чаканням МВФ, якія нашы калегі выказалі пры падрыхтоўцы праграмы. Засталіся некаторыя спецыфічныя моманты, якія працягваюць абмяркоўвацца для нашага ўзаемнага будучага разумення ўсёй структуры праграмы. Яны ў большай ступені знаходзяцца ў плоскасці ўзаемадзеяння экспертаў», — заявіў Ермаловіч.

Адносна магчымасці найбліжэйшым часам візіту чарговай місіі МВФ у Беларусь або перамоваў з фондам на міжнародных пляцоўках першы намеснік міністра сказаў: «Сёння не трэба нікуды ездзіць, каб высвятляць пытанні».

На пытанне БелаПАН аб ходзе перамоў па выдзяленні трэцяга траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), Ермаловіч адказаў, што Беларусь з фондам знаходзіцца ў актыўнай фазе праграмы. «Чакаем пасяджэння, чакаем рашэння савета фонду», — адзначыў намеснік міністра.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?