У Індыі малады чалавек, збіты аўтобусам, памёр ад страты крыві з-за таго, што людзі, якія сабраліся вакол яго, своечасова не аказалі яму дапамогу і не выклікалі лекараў, паведамляе ВВС.

17-гадовы Анвар Алі быў дастаўлены ў бальніцу штата Карнатака прыкладна праз паўтары гадзіны пасля таго, як яго збіў аўтобус. У той момант хлопец ехаў на ровары. 

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што параненага акружыў натоўп людзей, якія фатаграфавалі яго і рабілі з ім відэа, але ніяк не дапамагалі яму.

У выніку юнак страціў шмат крыві і памёр. Лекары мяркуюць, што ён мог выжыць, калі б атрымаў медыцынскую дапамогу раней.

Гэты выпадак нагадаў аб даўняй праблеме індыйскага грамадства, дзе выпадковыя сведкі здарэння рэдка дапамагаюць пацярпелым.

Актывіст Піюш Тэвары, які змагаецца за бяспеку ў Індыі, патлумачыў, што часта людзі не дапамагаюць з-за страху перад паліцыяй. Мясцовыя паліцэйскія часта думаюць, што людзі дапамагаюць іншым з пачуцця віны, растлумачыў Тэвары.

Яшчэ адна прычына — у тым, што людзі баяцца стаць сведкамі пры разглядзе справы ў судзе. Часта судовыя працэсы ў Індыі зацягваюцца надоўга.

Акрамя таго, людзі асцерагаюцца, што калі даставяць ахвяру ў бальніцу, то медыцынская ўстанова прымусіць іх аплаціць выдаткі на лячэнне.

У маі мінулага года Вярхоўны суд Індыі вынес рашэнне аб тым, што людзі, якія дапамагаюць іншым, павінны быць абароненыя ад любых пераследаў. Падобны закон прыняў і штат Карнатака. Аднак многія альбо не ведаюць пра закон, альбо не давяраюць уладам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?