Вядомы краязнаўца, калекцыянер, аўтар мноства кніг пра гісторыю Гродна Віктар Саяпін памёр на 68 годзе жыцця ўвечары 2 лютага 2017. Страшная хвароба прыйшла да Віктара Юр’евіча зусім нечакана, але ратавацца ад яе ўжо было позна.

Усё сваё жыццё Віктар Саяпін прысвяціў роднаму гораду. Ужо з пятага класа ён пачаў фармаваць калекцыю пра Гродна — выразаў газетныя і часопісныя публікацыі, збіраў буклеты і паштоўкі. У юнацтве ён шмат фатаграфаваў. Ужо ў сталым узросце Віктар Юр’евіч узяўся за сур’ёзную пошукавую працу ў бібліятэках.

Пасля выхаду на пенсію стаў як на працу хадзіць у архівы. Хадзіў ён туды з адзінай мэтай — даведацца, як жылі, працавалі, чым захапляліся, дзе праводзілі вольны час гродзенцы.

«Я сам гродзенец у чацвёртым пакаленні па мамінай лініі. А мае ўнукі наогул у шостым. Радавод вывучыў да XVIII стагоддзя. Ува мне цячэ кроў беларускіх, рускіх, украінскіх і нават нямецкіх продкаў», — пра гэта яшчэ ў 2012 годзе Віктар Саяпін распавядаў карэспандэнту «Гродзенскай праўды».

Дваццаць пяць гадоў Віктар Юр’евіч адпрацаваў у мытнай службе. Ён прайшоў шлях ад інспектара да намесніка начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Неаднаразова быў прадстаўлены да высокіх дзяржаўных узнагарод.

Апошняя кніжка, якую паспеў выпусціць краязнаўца — «Гродна i гродзенцы 1944-74». На яе прэзентацыігісторык Ігар Трусаў сказаў: «Кнігамі Саяпіна будуць карыстацца яшчэ 150 гадоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?