Беларусь не будзе абмяжоўваць свабодны ўезд расіян на сваю тэрыторыю. Гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму памежнай зоны на мяжы з Беларуссю, Лукашэнка адзначыў: «Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне — гэта што, Расія пачала праводзіць дэмаркацыю мяжы? Дык гэта перамоўны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур'ёзны канфлікт».

«Мы ж не дамовіліся, як будзе на карце праходзіць мяжа, на мясцовасці, толькі пасля гэтага трэба ўсталёўваць якія-небудзь знакі і кропкі. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кавалак чужой мяжы. Таму я не думаю, што расіяне на гэта вырашацца, гэта ўжо сур'ёзны канфлікт, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Не думаю, што яны будуць здзяйсняць якія-небудзь дадатковыя крокі».

«Але я магу сказаць цвёрда: мы ні ў якім выпадку не пойдзем на повадзе ў расіян, і расіяне могуць быць упэўненыя, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так яны і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі ў адказ дзеянні і тым самым неяк нашых братоў-расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на нашай мяжы, але мы на гэта ніколі не пойдзем. Яны нам не ворагі, не праціўнікі, гэта нашы браты, нашы расіяне. Як ездзілі сюды, так і будуць ездзіць. Людзі ад гэтага пацярпець не павінны», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0