Прэс-канферэнцыя была надзвычай зацягнутай — быў пастаўлены рэкорд працягласці, 7 гадзін і 20 хвілін. Яна таксама была цалкам зрэжысіраванай гэтым разам: слова давалі ў строга вызначаным парадку, незалежным СМІ слова не давалі,

за выключэннем Сярэдзіча, пры гэтым дзяржаўным СМІ далі агучыць традыцыйныя пытанні незалежных. І зацягнутасць, і зрэжысіраванасць, і нават пытанне пра зніклых з вуснаў Гігіна, здаецца, мелі сваю мэту: каб масавы беларускі слухач не адчуў ніякіх вялікіх перамен. Няма экстраардынарнага канфлікту з Расіяй (хоць «вы ж бачыце, што ў нас з Расіяй», але «гэта ўжо не першы раз»), няма новых пагроз у гэтым плане, раз Лукашэнка гаворыць, як гаварыў.

Галоўнае пасланне прагучала толькі на трэцяй гадзіне, але ад гэтага не менш ясна: свабода і незалежнасць даражэйшыя за нафту.

У той жа час гарантыі-мінімум: «Мы не Украіна, мы не антырасійскія, мы ў НАТА не імкнёмся».

На восьмай гадзіне ў адказ на пытанні карэспандэнта ТАСС быў агучаны іншы прынцыповы момант:

па-беларуска-расійскай мяжы Беларусь прыме адэкватныя меры, але ні ў якім разе не будзе абмяжоўваць свабоду ўезду грамадзян Расіі.

Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусь не падпіша, пакуль не будуць вырашаныя праблемы з пастаўкамі нафты і цаной на газ.

Як частка жорсткай пазіцыі, Аляксандр Лукашэнка загадаў завесці крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

І нават у моўна-культурным пытанні намеціліся невялікія змены:

на традыцыйнае пытанне пра Нацыянальны ўніверсітэт упершыню прагучаў не адказ «не», а «ні так, ні не». Пры гэтым тут жа падзялілі пасады: Марзалюка — рэктарам, а Анісім — прарэктаркай. Марзалюк тут жа на радасцях дакляраваў «Беларусь ад Балтыкі да Ціхага акіяна!»

Апазіцыю па-ранейшаму выстаўляюць аперэтачнай, у выглядзе клоўна Яраслава.

Ніякай настальгіі па СССР не гучала, курс — мы будуем невялікую, але камфортную краіну. Нам трэба не веліч, а заможнасць, каб у кожнага была капейка ў кішэні.

Рынкавыя рэформы працягнуцца, змены будуць па-ранейшаму паступовыя. Беларусь прыме ўмовы МВФ для атрымання новага крэдыту ад Фонду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?