19 ліпеня памёр адзін з найстарэйшых падпісчыкаў "НН". Яму ішоў 85-ы год.

Лёс Міколы Сенькі падобны да лёсаў соцень беларускіх хлапцоў, чыя маладосьць прыпала на часы Другой сусьветнай.

Мікола Сенька нарадзіўся ў 1924 г. у мястэчку Новы Сьвержань.

Скончыў 7 клясаў польскай школы, але на далейшую вучобу ў бацькоў не было грошай. Адным з яркіх успамінаў юнацтва быў прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Мікола Сенька згадваў, як жабрачага выгляду жаўнеры ішлі праз мястэчка і ўпотай ад камандзіраў прасілі ў людзей чаго падсілкавацца. Пры Саветах аднавілася магчымасьць школьнага навучаньня. Праўда давялося ўсё пачынаць зноў ад пятай клясы.

Калі ж прыйшлі немцы, Мікола Сенька спачатку скончыў бугальтарскія курсы ў Нясьвіжы, а потым паступіў у мясцовую настаўніцкую сэмінарыю. Менавіта тут разам зь іншымі маладзёнамі, ён стаў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі. Мікола Сенька згадваў, як падабалася яму уніформа СБМ. Менавіта ў ёй хлопец стаяў у ганаровай варце.

У 1944 г. разам з 40 іншымі сэмінарыстамі ён пайшоў у афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны, а пасьля разам зь іншымі кадэтамі стаяў у ахове будынку, дзе адбываўся Другі Ўсебеларускі Кангрэс.

У часе эвакуацыі зь Беларусі Мікола Сенька апынуўся ў Усходняй Прусіі, дзе зь іншымі БКАўцамі быў уключаны ў склад 30-й дывізіі СС, якая ў хуткім часе была перакінутая немцамі ў Францыю. Тут беларусы дывізіі распачалі масава дэзертаваць, бо не лічылі французаў за сваіх ворагаў. Сярод уцекачоў, што перайшлі на бок саюзьнікаў быў і Мікола Сенька.

Разам зь іншымі беларусамі яго накіравалі ў Італію ў Армію Андэрса, дзе малады чалавек вырашыў зьмяніць сваё імя і прозьвішча на Язэп Яблоньскі. Пад гэтым імем ён служыў у шэрагах 5-й крэсовай дывізіі, ваяваў і быў паранены ў Балёніі, а пазьней перабраўся ў Вялікабрытанію, куды былі пераведзеныя часткі "польскага войска".

У Ангельшчыне Мікола Сенька хутка далучыўся да беларускага руху, быў сталым сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Пры канцы 1940-х ён быў адным з ахвярадаўцаў на Беларускі Дом у Лёндане. У гэтым доме ён і пражыў апошнія гады свайго жыцьця ў няспыннай цікавасьці да падзеяў і ўсяго таго, што было зьвязана з радзімай.

Наталля Гардзіенка

***

Жалобная вестка прыйшла зь Лёндану: 19 ліпеня там памёр адзін з ініцыятараў стварэньня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, ягоны актыўны сябар Мікола Сенька. Яму ішоў 85-ы год.

Гасьцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road у Лёндане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

"Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, зь якім, нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розьніцу ў гадах і жыцьцёвым досьведзе, у мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменьнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам зь якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок францускіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апэнінах".

Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.

Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыцьцё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай высьпе ў лёнданскім раёне Фінчлі, там, дзе месьціцца бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква сьвятых Пятра і Паўла”.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Лёля Міхалюк гаворыць пра Міколу Сеньку як пра сябра, які за больш як шэсьцьдзесят гадоў сваёй эміграцыі ніколі не забыўся на тое, што ён — беларус.

"Мы разам працавалі. Ён уваходзіў ва ўправу нашай арганізацыі і быў чынным яе сябрам. Чалавек быў сапраўды беларусам ад самага пачатку і ахвярным беларусам, дзе б ён ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, ён быў усюды і заўсёды на сваім месцы".

За гады незалежнасьці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыяжджаў на Бацькаўшчыну — адведваў родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім зьездах беларусаў сьвету, якія праходзілі ў Менску ў 90-х гадох. Уладзімер Арлоў прыгадвае:

Мікола быў чалавекам надзвычай чульлівым. Атрымліваючы навіны зь Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць сьлёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі сьлёзы радасьці, пазьней — сьлёзы горычы і трывогі.

"Мікола быў чалавекам надзвычай чульлівым. Атрымліваючы навіны зь Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць сьлёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі сьлёзы радасьці, пазьней — сьлёзы горычы і трывогі. Але Мікола меў ня толькі эмацыйную, але і практычную сувязь з Радзімай. Ён заўсёды лічыў сваім абавязкам падтрымку беларускіх арганізацыяў і асяродкаў, быў сталым падпісчыкам газэтаў "Наша Ніва" і "Наша слова".

Міколу Сеньку вельмі пашанцавала ў тым, што побач зь ім напрыканцы жыцьця была жонка Алена — надзейная сяброўка, аднадумца, такая ж ахвярная патрыётка, перакананая ў эўрапейскай будучыні бацькаўшчыны. На Аленіных руках ён і адышоў у нябесную Беларусь”.

Разьвітаньне зь Міколам Сенькам і пахаваньне адбудзецца ў Лёндане пры канцы тыдня. Дакладная дата яшчэ не вядомая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?