«Учора адбылася вялікая сустрэча з міністрам культуры Барысам Святловым, — піша ў сваім фэйсбуку рэжысёр Андрэй Курэйчык.

— Мне важна было сказаць яму ў вочы, што дыверсія ў дачыненні да пракату «Party-zan фільма» Ірыны Беляковай — гэта подласць. Тактоўна данёс яму думку, што зрыў больш за 40 сеансаў беларускага фільма не да твару Мінкульту. Ад гэтага прайграў беларускі глядач, а выйгралі імпартныя карціны.

Зрэшты, больш часу надалі пазітыўнаму парадку. Прапанаваў зняць фільм пра Скарыну. Не толькі таму, што сёлета 500 гадоў кнігадрукаванню. Але і таму, што Скарына — першы беларускі інаватар, інтэлігент, гуманіст, чалавек еўрапейскіх каштоўнасцяў, сімвал Эпохі Адраджэння ў Беларусі. Яго фігура не выклікае расколу грамадства. Падаў сцэнар на перадпітчынг. Паглядзім…

Міністр прызнаў, што 99,5% кіно ў кінатэатрах Беларусі — імпарт (для параўнання, у Расіі 19% на экранах — гэта расійскае кіно). Сітуацыя проста крытычная.

Мае прапановы былі простымі:

1. Сур'ёзна знізіць бюджэты беларускіх фільмаў. Здымаць цяпер фільмы даражэй за 300 тысяч даляраў — дурасць, у нас вельмі маленькі рынак. Лепш зрабіць 10 фільмаў па 300 і выпускаць іх на працягу года ў кінатэатрах, адбіваючы долю ў замежнікаў і даючы працу беларускай рэжысуры і кінагрупам, чым адзін за тры ляма, які па факце збярэ столькі ж, колькі і за 300 тысяч. А наогул цалкам камфортна можна здымаць карціны і за 150 тысяч. Карацей, зніжэнне бюджэтаў адсячэ разнастайнае жуллё, якое пад покрывам чыноўнікаў выцягвае з краіны мільёны і не вяртае потым нічога, і створыць велізарную хвалю новага беларускага кінематографа.

2. Калі на рынку адзін імпарт, цалкам апраўдана браць з імпарту дадатковыя зборы і накіроўваць іх на падтрымку беларускага кіно. Гэта здзек, што Мінкульт ставіцца да імпартных фільмаў з большым піетэтам, чым да беларускай прадукцыі (мы маляўнічае таму пацверджанне). Цалкам можна ўвесці збор у 1-2% на карысць беларускага кіно. Або паставіць цану пракатных пасведчанняў для замежных карцін у 1-3 тысячы даляраў. Не думаю, што гэта будзе праблема для Дыснея, Марвел або Фёдара Бандарчука) А для беларускага кіно — гэта сотні тысяч даляраў жывой падтрымкі.

3. І галоўнае, я прапанаваў міністру праект лічбавага тэлеканала «Беларускае кіно». Калі кінатэатры і дзяржканалы не хочуць паказваць незалежныя фільмы, эксперыментальныя кароткія метры, анімацыю, сур'ёзную дакументалістыку (а не хочуць, таму што больш рэнтабельна паказваць замежныя камерцыйныя прадукты), то неабходны канал, дзе гэта ўсё будзе прадстаўлена. У беларускіх кіношнікаў павінна быць пляцоўка для паказу свайго кіно!

Чаму ў любым лічбавым расійскім пакеце абавязкова ёсць канал, прысвечаны расійскаму і савецкаму кіно, а ў нас — няма?

Я прапанаваў праект канала «Беларускае кіно», які збярэ ў сваёй бібліятэцы ўсё беларускае кіно: карціны «Беларусьфільма», сучаснае беларускае дзяржаўнае і незалежнае кіно, эксперыментальнае і навучальнае кіно, кароткія метры, выдатную беларускую дакументалістыку і анімацыю, нацыянальныя праграмы «Лістапада».

«Беларускае кіно» стане пляцоўкай для кінакрытыкаў, рэжысёраў, энтузіястаў беларускага кіно, дыскусійнай пляцоўкай аб нацыянальным кінематографе, раскажа аб яго гісторыі, а галоўнае: збярэ бібліятэку ўсяго беларускага кінематографа (асабліва сучаснага), а пры магчымасці, стане і замоўцам новых стужак. Калі беларускія фільмы і серыялы не цікавяць БТ, АНТ і СТВ, і яны паказваюць расійскую і замежную прадукцыю, значыць, мы створым канал, які наадварот, не будзе закупляць нічога замежнага, паказваць выключна беларускі кінакантэнт. Наш канцэпт канкрэтны і выразны. Ёсць праект. Ёсць каманда. Я сказаў міністру, што мы з партнёрамі гатовыя ўзяць на сябе выдаткі па стварэнні такога канала (ў кабельным фармаце для Залы, МТІСа і Космас-тб — яны не вельмі вялікія), і папрасіў садзейнічання.

Паглядзім…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0