На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму не будзе ўведзена адзіная віза Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) для ўезду ў дзяржавы аб'яднання замежных грамадзян.

Адказваючы на пытанне расійскага журналіста з нагоды ўвядзення Беларуссю з 12 лютага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін пры ўездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, Лукашэнка паведаміў: «Мы дамовіліся з Рапотам (Рыгор Рапота, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы), што паспрабуем вывучыць пытанне нашай адзінай візы (для ўезду замежнікаў) у ЕАЭС. Але Нурсултан Назарбаеў (прэзідэнт Казахстана. — БелаПАН.) сказаў: не, паспрабуй толькі падняць гэтае пытанне. Раз ты «не», значыць, гэтага ніколі не будзе, таму што павінен быць кансэнсус, а раз не будзе прынята, навошта падымаць?»

Ён сказаў, што тады было вырашана прапрацаваць пытанне адзінай візы для ўезду грамадзян трэціх краін у рамках Саюзнай дзяржавы. «І каб не было супярэчнасцяў з будучай візай, мы вырашылі інфармаваць (Расію), не каб даць справаздачу, а таму што ішоў іншы працэс», — растлумачыў Лукашэнка.

Інфармацыю расійскіх СМІ пра тое, што Беларусь не праінфармавала Расію аб прыняцці рашэння аб бязвізавым уездзе праз аэрапорт Мінск, беларускі кіраўнік назваў няпраўдай.

Ідэя стварэння адзінай візы Саюзнай дзяржавы для ўезду грамадзян трэціх краін абмяркоўваецца ўжо даволі даўно. Як паведаміў журналістам дзяржсакратар Саюза Рыгор Рапота ў Мінску 28 кастрычніка 2016 года пасля пасяджэння групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, пытанне ўвядзення агульнай візы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «працягвае прапрацоўвацца».

«Шмат было размоў пра стварэнне адзінай міграцыйнай і візавай прасторы. Мы дамовіліся, як мы будзем па гэтых пытаннях працаваць», — адзначыў Рапота. Паводле яго слоў, у бакоў ёсць прынцыповая згода ў тым, што існуе неабходнасць увядзення агульнай візы, і «ідэю саму ніхто не адпрэчвае». «Я думаю, будзе прынцыповае рашэнне. Ніхто супраць гэтага не пярэчыць, проста пытанне, калі гэта рабіць, на якіх умовах, з улікам якіх фактараў. Вось гэта павінна быць усё цяпер вырашана. Бо працэс інтэграцыі — вельмі працяглы і карпатлівы», — дадаў Рапота.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?