Адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа цалкам пераглядае палітыку ЗША ў дачыненні да Кубы. Пра гэта распавёў прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер, піша ВВС.

ЕРА

Цяпер асноўная ўвага будзе нададзеная палітыцы Кубы ў дачыненні да праў чалавека, перадае Рэйтэр са спасылкай на Спайсера. Іншых падрабязнасцяў пакуль няма.

У 2015 годзе ЗША аслабілі гандлёвае эмбарга супраць Кубы, адмяніўшы абмежаванні на паездкі і дазволіўшы адкрыццё на Кубе прадстаўніцтваў кампаній.

Перад гэтым ЗША і Куба аднавілі адносіны пасля больш чым паўвекавога перапынку. ЗША зноў адкрылі сваё пасольства ў Гаване ў жніўні 2015 года, праз месяц пасля таго, як Куба зноў адкрыла сваё пасольства ў Вашынгтоне.

У сакавіку 2016 года прэзідэнт ЗША Барак Абама прыбыў на Кубу сам, стаўшы першым амерыканскім прэзідэнтам за 88 гадоў, які наведаў «востраў свабоды». З Фідэлем Кастра ён не сустракаўся, але правёў перамовы з яго братам, лідарам Кубы Раулем.

Аднак рэспубліканцы паслядоўна выступалі супраць наладжвання адносін з Кубай, пакрэсліваючы, што ў краіне захоўваюцца парушэнні праў чалавека і недэмакратычны рэжым.

Дональд Трамп тройчы мяняў сваю пазіцыю па Кубе, адзначаюць СМІ.

У канцы 1990-х ён спрабаваў абыйсці гандлёвае эмбарга, інвестуючы ў гасцінічную справу на Кубе. У пачатку сваёй прэзідэнцкай кампаніі ён заявіў, што не супраць аднаўлення амерыкана-кубінскіх адносін, але даб'ецца «лепшага пагаднення», чым Абама. А на завяршальным этапе прэзідэнцкай гонкі Трамп наогул прапанаваў перагледзець палітыку Дэмакратычнай партыі ў дачыненні да Гаваны.

У сваю чаргу Куба ў дзень абвяшчэння вынікаў выбараў прэзідэнта ЗША абвясціла аб пачатку пяцідзённых ваенных вучэнняў для падрыхтоўкі узброеных сіл да адбіцця «розных дзеянняў ворагаў». Праўда, да гэтага Рауль Кастра павіншаваў Трампа з перамогай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?