Выступаючы ў суботу на 30-м з'ездзе Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі, лідар партыі Уладзімір Жырыноўскі асудзіў палітыку і папрокі Аляксандра Лукашэнкі.

РБК

Жырыноўскі, у прыватнасці, параўнаў паводзіны прэзідэнта Беларусі з цялём з рускай прымаўкі, якое «дзвюх матак смокча», паведамляе расійская «Парламенцкая газета».

«Беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расіі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна. Што хоча Лукашэнка? Асобную дзяржаву, але цэны няхай будуць унутрырасійскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расія, дай Еўрасаюз. Як добра», — сказаў Жырыноўскі.

Пры гэтым ён дадаў, што Расія заўсёды будзе падтрымліваць добрыя адносіны да народаў Беларусі, Украіны, Казахстана і ўсёй Сярэдняй Азіі.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы з журналістамі ў Мінску зрабіў некалькі рэзкіх выказванняў у дачыненні да Расіі. У беларуска-расійскіх адносінах, паводле яго слоў, у апошні час «сітуацыя развіваецца няважна». На думку Лукашэнкі, цяперашняе абвастрэнне адносін, верагодна, звязана з пэўнай насцярогай з расійскага боку, што «Лукашэнка развярнуўся на Захад» і «Беларусь сыходзіць».

Паводзіны Расіі ў нафтагазавай спрэчцы з Беларуссю Лукашэнка расцэньвае як здзек.

Беларускі кіраўнік таксама абвінаваціў кіраўніка ФСБ РФ у парушэнні міждзяржаўнага пагаднення аб мяжы і даручыў вывучыць магчымасць распачаць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?