Партыя БНФ у 2017 годзе мае намер працягнуць працу па абароне незалежнасці і нацыянальных каштоўнасцяў. Пра гэта было заяўлена 4 лютага на пасяджэнні сойма арганізацыі.

У рамках гэтага кірунку партыя, паведаміў яе старшыня Аляксей Янукевіч, мае намер правесці шэраг кампаній: у абарону статусу беларускай мовы як дзяржаўнай, за адмену сумесных з Расіяй ваенных вучэнняў у Беларусі «Захад-2017», супраць віз Саюзнай дзяржавы, за кантроль на мяжы з Расіяй, за поўную аднабаковую адмову ад віз для грамадзян ЕС, ЗША, Канады, Аўстраліі і іншых краін.

Таксама партыя мае намер: патрабаваць увядзення крымінальнай адказнасці за публічныя выказванні, якія адмаўляюць існаванне беларускай нацыі, беларускай мовы і беларускай дзяржаўнасці; садзейнічаць умацаванню патрыятычнага духу ў беларускай арміі; настойваць на выхадзе Беларусі з ЕАЭС і АДКБ.

Акрамя таго, у 2017 годзе Партыя БНФ мае намер праводзіць працу па кантролі за дзейнасцю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у акругах, па якіх яны абіраліся. У рамках гэтага кірунку арганізацыя правядзе маніторынг дзейнасці дэпутата ў акрузе і парламенце. У выпадку неналежнага выканання дзейным дэпутатам сваіх перадвыбарных абяцанняў і абавязкаў, партыя плануе арганізацыю кампаній па адклiканні дэпутата з мэтай дамагчыся паўторных выбараў у акрузе.

Асобнымі кірункамі працы Партыі БНФ стануць арганізацыя і правядзенне ў Мінску і іншых гарадах масавых акцый, а таксама падрыхтоўка да чарговых выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбудуцца не пазней за 20 лютага 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?