Лідар французскіх крайне правых Марын Лё Пен 4 лютага апублікавала сваю перадвыбарчую праграму з 144 пунктаў.

4 і 5 лютага партыя Нацыянальны фронт праводзіць у Ліёне шэраг мерапрыемстваў, якія павінны даць афіцыйны старт выбарчай кампаніі Марын Лё Пен. Апытанні па-ранейшаму прадказваюць лідару крайне правых першае месца ў першым туры выбараў прэзідэнта 23 красавіка. У другім туры 7 мая, паводле апытанняў, Марын Лё Пен прайграе.

Прапановы Марын Лё Пен размеркаваны па сямі раздзелах, якія адлюстроўваюць галоўныя тэмы кампаніі — Францыя «свабодная», «бяспечная», «квітнеючая», «справядлівая», «з гонарам», «моцная», а таксама Францыя, што мае ўстойлівае развіццё.

На ўсенародны рэферэндум Марын Лё Пен мае намер вынесці пытанне аб прыналежнасці Францыі да Еўрапейскага саюза. У ходзе галасавання, спадзяецца кіраўнік Нацфронта, французы павінны «вярнуць сабе чатыры суверэнітэты» — валютны, заканадаўчы, тэрытарыяльны і эканамічны. Адмова ад адзінай еўрапейскай валюты еўра ў праграме названа «аднаўленнем нацыянальнай валюты».

У праграме кандыдата ўтрымліваюцца традыцыйныя патрабаванні Нацфронту — аднаўленне нацыянальных межаў, выхад з Шэнгенскай зоны, скарачэнне іміграцыі з 200 000 да 10 000 чалавек у год, пазбаўленне нелегальных мігрантаў магчымасці ўзаконіць сваё знаходжанне ў Францыі.

У сваёй перадвыбарчай праграме Марын Лё Пен адмовілася ад патрабаванняў аднавіць смяротнае пакаранне. Для пакарання асабліва цяжкіх злачынстваў яна прапаноўвае прымяняць «рэальнае пажыццёвае зняволенне». На працягу пяці гадоў кандыдат абяцае павялічыць лік «пасадачных» месцаў у французскіх турмах на 40 000.

У сваёй эканамічнай праграме Марын Лё Пен прапануе вярнуць пенсійны ўзрост 60 гадоў, а працоўны стаж, неабходны для атрымання поўнай пенсіі, абмежаваць 40 гадамі. Палітык мае намер адмяніць ліберальную рэформу Працоўнага кодэкса, якую правёў прэзідэнт Франсуа Алянд.

Марын Ле Пён абяцае спрасціць адміністрацыйныя і падатковыя працэдуры для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама рэфармаваць падатак на прыбытак.

Не абышлося ў праграме кіраўніка Нацфронта і без «падарункаў» самым малазабяспечаным выбаршчыкам: людзям з даходам да 1500 еўра ў месяц Ле Пен абяцае спецыяльную «прэмію пакупніцкай здольнасці» на суму 200 еўра. Фінансаваць гэтую даплату кандыдат прапаноўвае за кошт новага 3-адсоткавага падатку на імпарт.

Лідэр крайне правых мае намер павялічыць абаронны бюджэт краіны да 3% ВУП, але пры гэтым выступае за тое, каб Францыя пакінула ваеннае камандаванне НАТА (у гэта камандаванне Францыя вярнулася пры прэзідэнце Нікаля Сарказі).

Марын Лё Пен прапануе ад мажарытарнай сістэмы выбараў дэпутатаў французскага парламента перайсці да прапарцыйнай і скараціць колькасць Нацыянальнага сходу (з 577 да 300 чалавек) і Сената (з 348 да 200).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?