Паводле дадзеных Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, давер беларусаў да нацыянальных СМІ вышэйшы, чым да замежных, паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч на пасяджэнні калегіі ведамства 6 лютага ў Мінску.

«Даследаванні цэнтра сведчаць, што грамадзяне нашай краіны аддаюць перавагу ў атрыманні інфармацыі нацыянальным СМІ. Гэта датычыцца пытанняў масава-палітычнай тэматыкі, эканомікі, экалогіі, культуры. Захоўваюцца рэйтынгі даверу нацыянальным СМІ, і яны значна вышэйшыя, чым расійскім, замежным».

Ананіч заклікала кіраўнікоў дзяржаўных СМІ задзейнічаць усе рэзервы для захавання падпісных накладаў.

Яна таксама станоўча ацаніла, як дзяржаўныя СМІ рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў развівалі сваю дзейнасць у інтэрнэце ў 2016 годзе.

На думку міністра інфармацыі, 2016 год для медыясферы быў «насычаным, творчым і дынамічным». Сродкі масавай інфармацыі ў мінулым годзе працавалі «на кансалідацыю грамадства і выкананне грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных задач, якія стаяць перад краінай», лічыць яна.

У мінулым годзе выкананы прынятыя раней праграмы па кнігавыданні, беларуская кніжная прадукцыя шырока была прадстаўлена за мяжой. У 2017 годзе культ чытання кнігі, сказала чыноўніца, павінен быць прапагандаваны як мага шырэй. «У год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы ставім задачу, каб кожны гандлёвы аб`ект у нашай сістэме быў своеасаблівай пляцоўкай прапаганды кнігі і чытання», — заявіла Ананіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?