Паводле ўдакладненых даных, ахвярамі сходу лавін, снежных бур і моцных маразоў на паўночным усходзе Афганістана сталі па меншай меры 106 чалавек, дзясяткі параненыя, піша ВВС.

У правінцыі Нурыстан пад снегам былі цалкам пахаваныя два кішлакі. Моцна пацярпела і суседняя правінцыя Бадахшан.

Удары стыхіі закранулі і сумежную тэрыторыю Пакістана, дзе загінулі як мінімум 13 чалавек, дзевяць з іх у ваколіцах горада Чытрал. Разбураныя дзясяткі дамоў, многія пацярпелыя засталіся без прытулку, некаторыя захраслі ў салонах аўтамабіляў.

Ратавальнікам не ўдаецца дабрацца да многіх аддаленых кішлакоў з-за дрэннага надвор'я і заблакаваных снегам дарог.

Некалькі лавін сышло і на поўначы ад афганскай сталіцы. Галоўны міжнародны аэрапорт Кабула закрыты з-за снегу і лёду на ўзлётна-пасадачнай паласе.

На шашы Кабул — Кандагар паліцыя і вайскоўцы вызвалілі каля 250 аўтамашын, якія трапілі ў пастку са снегавых заносаў.

Галоўная траса, якая злучае Кабул з поўначчу краіны, перакрытая ў раёне перавала Саланг, дзе выпала амаль тры метры снегу. Два кіроўцы на перавале змерзлі да смерці, яшчэ дзясяткі застаюцца там без ежы і паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?