Справа былога студэнта першага курса МІПСА, які напаў з бензапілой на людзей у ГЦ «Новая Еўропа», Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць 20 лютага. Пра гэта паведаміла памочнік старшыні Мінгарсуда Анастасія Шыльвян.

Справа будзе слухацца ў адкрытым рэжыме.

Як паведамлялася, матэрыялы гэтай крымінальнай справы ў Мінгарсуд 29 снежня накіравала Генеральная пракуратура. «Вывучэнне крымінальнай справы паказала, што папярэдняе расследаванне праведзена поўна і аб'ектыўна. Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваныя правільна. Падстаў для адмены або змены меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту не ўстаноўлена», — гаварылася ў паведамленні галоўнага нагляднага органа краіны.

Сямнаццацігадоваму Уладзіславу Казакевічу выстаўленае абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 КК (падрыхтоўка да забойства дзвюх і больш асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства дзвюх і больш асоб), ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Паводле даных следства, 8 кастрычніка 2016 года каля 17.30 хлопец, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, зайшоў у гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа» з чахлом для музычнага інструмента, заведзенай і гатовай да ўжывання бензапілой. Падлетак выбіраў аб'екты для нападу сярод работнікаў і наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Першай ён паспрабаваў забіць жанчыну, аднак тая змагла хутка зрэагаваць і ўцячы. Другой жанчыне 1973 года нараджэння нанёс два ўдары бензапілой. Пасля таго як бензапіла заглухла ў выніку трапляння ў ланцуг адзення пацярпелай, нападнік дастаў з чахла ад гітары сякеру-кувалду і нанёс жанчыне ўдары, ад якіх яна памерла на месцы здарэння.

Затым абвінавачваны, працягваючы перамяшчацца па гандлёвым цэнтры, прычыніў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару дзвюм жанчынам, якім пазней была аказаная медыцынская дапамога. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя тры жанчыны і сваякі загінулай.

Праз непрацяглы час нападніка затрымалі работнікі і наведвальнікі гандлёвага цэнтра, а таксама супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі.

Падчас следства ўстаноўлены факт падрыхтоўкі абвінавачаным забойства дзвюх і больш асоб 7 кастрычніка 2016 года ў адной са сталічных ВНУ. Непаўнагадовы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, зайшоў у навучальны корпус і завёў бензапілу. Ён збіраўся зайсці з ёй і сякерай-кувалдай у лекцыйную аўдыторыю, дзе ў гэты час займаліся 178 студэнтаў, з мэтай нападу на іх. Давесці свой намер да канца падазроны не змог, бо выпадкова крануў рычаг тормазу бензапілы, у выніку чаго спыніўся ланцуг. Спробы завесці бензапілу апынуліся няўдалымі, што вымусіла яго пакінуць тэрыторыю ВНУ.

Падчас следства дапытана каля 200 сведак, праведзеныя дзясяткі экспертных даследаванняў. Даследаваная асоба абвінавачанага. Дапытаныя яго аднакласнікі, настаўнікі, аднагрупнікі, выкладчыкі і іншыя асобы.

Згодна з заключэннем стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы непаўнагадовы ў перыяд інкрымінаваных яму дзеянняў мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?