Міліцыя затрымала жыхара Чачэрскага раёна, які здаў трактар «МТЗ» на металалом.

TraktorBook.com

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, дырэктар прыватнай фірмы, якая займаецца нарыхтоўкай лесу ў Чачэрскім раёне, узяў на працу 42-гадовага жыхара вёскі Бяляеўка, заключыў дагавор матэрыяльнай адказнасці і замацаваў за трактарам «МТЗ-80». Мужчына расчышчаў на ім дарогі, адцягваў бярвенне.

«У пачатку лютага пасля асваення чарговай дзялянкі кіраўнік расплаціўся з трактарыстам і прапанаваў пакінуць тэхніку ў таго на пастой. Вечарам за бутэлькай спіртнога мужчына разгаварыўся з аднавяскоўцам. Маўляў, начальнік плаціць мала, а я працую па-чорнаму. Непарадак, хачу прадаць «сталёвага каня» ў Расію на металалом. Сабутэльнік пагадзіўся з довадамі сябра і прапанаваў паказаць дарогу да бліжэйшай расійскай вёскі ў 25 кіламетрах, дзе можна хутка «штурхнуць тавар», — сказаў Прыстромаў.

На наступны дзень мужчына прыгнаў трактар да расійскага пункта скупкі металу і запытаў за яго 35 тысяч рублёў (каля 580 даляраў). Скупшчык пагадзіўся і аддаў суму. Прадавец адправіўся дадому, раздаў пазыкі і зладзіў застолле, а пакупнік, грамадзянін Беларусі, які патэлефанаваў у Чачэрскі РАУС, распавёў аб дзіўнай куплі і прапанаваў перагнаць трактар назад. Міліцыянты звязаліся з калегамі з расійскай паліцыі, папрасіўшы пракантраляваць сітуацыю. Паліцыянты прыбылі ў вёску, знайшлі пункт скупкі металу, і пачаўся працэс вяртання.

«У гэты час дырэктар лесанарыхтоўчай фірмы прыехаў да трактарысту клікаць на працу. «МТЗ-80» на падворку не было. Затое гаспадар, які добра прыняў на грудзі, сказаў, што, пакуль шэф не заплаціць яму, «Беларуса» яму не відаць. Кіраўнік не стаў таргавацца, а адразу звярнуўся ў міліцыю. Да гэтага моманту трактар ужо вярнулі ў краіну», — дадаў прадстаўнік УУС.

Распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата маёмасці асобай, якой яно даверана). Падазраванаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў са штрафам або без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0