Камісія па барацьбе з ілжэнавукай і фальсіфікацыяй навуковых даследаванняў пры прэзідыуме Расійскай акадэміі навук заявіла, што гамеапатыя — лячэнне звышмалымі дозамі індывідуальна падабраных лекаў — з’яўляецца антынавуковым, а самі лекі ўвогуле небяспечныя для здароўя. На думку беларускіх дактароў Вольгі Перасады і Змітра Салошкіна, гамеапатычныя прэпараты могуць не дапамагчы, але не могуць нашкодзіць.

Фота urologexp.com

Фота urologexp.com

Доктар медыцынскіх навук, старшыня Рэспубліканскага гамеапатычнага аб’яднання ў складзе Беларускай асацыяцыі дактароў Вольга Перасада кажа, што не было такога, каб хтосьці скардзіўся на гамеапатычныя лекі.

«У Расіі крыху інакш ставіліся да гамеапатыі. Ужывалі яе вельмі шырока, можа, нават занадта шырока, — кажа Вольга Перасада. — Гэтая сістэма лекавання існуе ўжо больш за дзвесце гадоў, з часоў Самуэля Ганемана, навукоўца, які пачаў яе выкарыстоўваць. Гамеапатыя — гэта таксама лячэнне лекамі, іншая справа, як іх атрымліваюць. Могуць і з ракавіны малюска, і з яду пчалы. Сэнс у тым, што гэта мінімальныя дозы рэчываў, і яны не заўсёды прызнаюцца ў медыцыне».

Доктар медыцынскіх навук акцэнтуе, што гамеапатычныя прэпараты могуць не прынесці эфекту, але нашкодзіць яны дакладна не могуць. Аднак, заўважае спадарыня Перасада, любыя лекі, нават вельмі моцныя, для нейкага чалавека могуць быць неэфектыўнымі.

«Можа быць, іх лічаць небяспечнымі, таму што чалавек цалкам пераключаецца на гэты від тэрапіі і не праводзіць альбо адцягвае іншы, патрэбны яму, — мяркуе Вольга Перасада. — Але ж усё трэба рабіць з розумам. Спрактыкаваныя дактары мусяць лячыць і гамеапатычна, проста трэба ведаць методыкі. За мяжой ніхто не дзеліць дактароў па практыках, яны маюць права лячыць любымі метадамі. Галоўнае, каб доктар гэтыя метады ведаў, разумеў і правільна выкарыстоўваў».

Спадарыня Перасада дадае, што вялікі ўнёсак гамеапатыі ў агульную медыцыну ў тым, што яна дапамагае ўбачыць чалавека цалкам.

«У нас цяпер вузкая спецыялізацыя ў медыцыне: адзін спецыяліст глядзіць страўнік, іншы — сэрца. І няма такога, які б глядзеў на ўсё агулам, — тлумачыць доктар медыцынскіх навук. — І вось прыходзіць чалавек, і сэрца ў яго добрае, і страўнік. Спецыялісты яго адпраўляюць, бо з органамі, на якіх яны спецыялізуюцца, усё ў парадку, а чалавеку баліць. Тут гамеапаты і дапамагаюць, яны бачаць чалавека цалкам. Толькі за гэта ім трэба сказаць дзякуй.

У медыцыне ёсць адна небяспечная тэндэнцыя — катэгарычнасць. Спачатку хваляць прэпараты, лічаць панацэяй ад усіх хвароб, а потым пачынаюць ганіць. У медыцыне нельга быць катэгарычным, бо арганізм чалавека да канца не спазнаны, як і шмат гадоў таму».

Салошкін: Гамеапатыя — не медыцынскі кірунак, а штосьці «калямедыцынскае»

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Зміцер Салошкін адназначна сцвярджае, што гамеапатычныя прэпараты — не медыцынскія. Хутчэй, іх можна паставіць дзесьці каля БАДаў.

«Гамеапатыя — не медыцынскі кірунак, а штосьці «калямедыцынскае», — тлумачыць спадар Салошкін. — Я за тое, каб на гамеапатычных прэпаратах была маркіроўка, што іх эфектыўнасць не даказаная. Аднак тады трэба было б маркіраваць і такія прэпараты, як «Грапрынасін» ці «Арпетол», таму што гэта хоць і медыцынскія лекі, але іх эфектыўнасць таксама не даказаная».

Зміцер Салошкін заўважае, што на гамеапатычных прэпаратах няма распісаных механізмаў дзеяння, як і на якія органы яны ўплываюць. То бок у дактароў, якія карыстаюцца гамеапатыяй, ёсць свая тэорыя, адпаведна якой яны змешваюць міні-дозы розных рэчываў і пішуць, што яны дзейнічаюць.

«Маё стаўленне да гамеапатыі традыцыйнае: гэта дапаможныя сродкі, якія нельга выкарыстоўваць у якасці асноўнага лячэння, — распавядае доктар. — Няма гамеапатычных лекаў, напрыклад, ад пнеўманіі. А гамеапатычныя лекі ад таго, што дзіцёнак занадта актыўны ці дрэнна засынае, альбо для прафілактыкі вірусных хвароб, — гэта ўсё такія станы, дзе нельга нашкодзіць.

Дзіцёнак не хварэе ад гамеапатычных пігулак, ці ён проста не сустракаў нікога са свежай віруснай інфекцыяй — гэта даказаць немагчыма. Да прыкладу, прышчэпка ад адзёру ці ветраной воспы дзейнічае, хвароба спыняецца і больш не разносіцца паміж людзьмі. Калі б гамеапатычныя лекі гарантавана павышалі імунітэт і неўспрыманне да вірусных інфекцый, мы б назіралі зніжэнне распаўсюджання вірусных інфекцый, не было б сезонных успышак. Яны ж усё адно ёсць, нягледзячы на тое, што людзі карыстаюцца гэтымі пігулкамі».

Спадар Салошкін даводзіць, што любая вірусная хвароба, калі не наступаюць нейкія ўскладненні, пераадольваецца самім арганізмам.

«Як кажуць, калі вы лечыце ВРВІ — яно праходзіць за тыдзень, калі не лечыце — за сем дзён. У гэты час можна піць любыя пігулкі, вы ўсё адно паправіцеся, — тлумачыць доктар. —

Проста чым меншыя дзеці, тым складаней бацькам нічым іх не лячыць. Яны не могуць супакоіцца толькі тым, каб збіць тэмпературу і даць піццё. Вельмі хочацца даць штосьці яшчэ. Тады гамеапатыя прыходзіць на дапамогу, бо яна бясшкодная. Бацькі набываюць гэтыя пігулкі, і, што асабліва для іх добра, трэба, напрыклад, кожную гадзіну даваць па тры з паловай бубінкі. Бацькі занятыя цэлы дзень, яны супакойваюцца. Вось у гэтым так, гамеапатыя насамрэч дапамагае».

Навукоўцы РАН прызналі гамеапатыю лжэнавукай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?