Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» 3 лютага адным з першых сваё пытанне Лукашэнку далі задаць ультраліберальнаму эканамісту Яраславу Раманчуку.

Гаворка ішла пра эфектыўнасць эканамічнай мадэлі. Раманчук казаў, што гісторыя не ведае прэцэдэнтаў, калі краіны з такой доляй дзяржсектару, як у Беларусі, хутка і паспяхова развіваліся.

Пасля адказу Лукашэнкі ягоная прэс-сакратарка дала слова прафесару эканомікі Сяргею Саладоўнікаву.

Гэта была яўная «хатняя загатоўка», што змушае звярнуць увагу на асобу гэтага прафесара.

Сяргей Саладоўнікаў займае пасаду загадчыка кафедры эканомікі і права БНТУ. Апроч таго, ён чытае лекцыі яшчэ ў шэрагу айчынных універсітэтаў.

Глянем на старонку прафесара на сайце кафедры міжнародных эканамічных адносінаў БДУ — у кароткай інфармацыі, апроч навуковага звання, прысутнічае яшчэ і паметка — «акадэмік» «Міжнароднай акадэміі сацыяльных тэхналогій».

Для разумення таго, што гэта за «акадэмія», хопіць і таго, што для атрымання звання «члена-карэспандэнта» яе досыць мець сярэднюю адукацыю (!) і «досвед грамадскай дзейнасці».

Большую дэвальвацыю акадэмічнага звання і ўявіць цяжка. Гэта такое сабе казацтва ад навукі. «Казакі» вешаюць на сябе шакаладныя медалі за адсутнасцю баявых, а некаторыя навукоўцы аналагічна «вешаюць» на сябе ліпавыя званні ліпавых акадэмій.

Выглядае, што гэта робіцца для надання значнасці сярод неабазнанай публікі.

Але хваліцца званнем бутафорскага акадэміка на сайце вышэйшай навучальнай установы, якая прэтэндуе на паважанасць?

Як за малой хлуснёй ідзе вялікая, так і на афіцыйным сайце той «акадэміі» Саладоўнікаў усяго толькі «член-карэспандэнт», а на сайце БДУ называе сябе ўжо «акадэмікам».

Як патлумачылі «Нашай Ніве» у прэс-службе Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (НАН), Саладоўнікаў можа называць сябе, як хоча, але ў нашай краіне існуе працэдура.

«У Беларусі ёсць адна афіцыйная ўстанова, акадэмікам якой можа лічыцца навуковец — гэта НАН. Там вельмі жорсткі адбор, ёсць афіцыйныя выбары — апошні раз яны праводзіліся ў 2014 годзе. Званне акадэміка і члена-карэспандэнта пажыццёвае, для іх існуюць і грашовыя даплаты. Увогуле, акадэмік — гэта вялікі гонар, верх навуковай кар’еры, вышэй ужо няма куды. Але адна справа прайсці жорсткі адбор і выступіць не перад студэнтамі ці кімсьці яшчэ, а перад глыбокімі спецыялістамі ў сваёй сферы, а іншая — атрымліваць званні без адбору. У Беларусі такіх «клубаў па інтарэсах», якія б прызнавалі людзей акадэмікамі, у адрозненне ад Расіі, няма», — сказала Наталля Марцалева, прэс-сакратарка НАН.

Саладоўнікаў і сам, дарэчы, некалі працаваў у НАН, але вымушаны быў сысці, бо, кажуць, не зжыўся з новым дырэктарам Інстытута эканомікі.

Як кажуць былыя калегі, Саладоўнікаў «піша нейкія тэксты… Цяжка даць іншую ацэнку дзейнасці чалавека, які жыве ў сусвеце наасфернай эканомікі ды падобнага».

Прафесар Саладоўнікаў сапраўды мае «навуковыя» публікацыі на тэму наасфернага развіцця Беларусі.

Наасфера — гэта такі метафізічны тэрмін, прыдуманы Вярнардскім, які крытыкуецца ў сучаснай навуцы як не навуковы, а ўтапічны і рэлігійны.

Эканаміст Яраслаў Раманчук, з ценем якога баксіраваў Саладоўнікаў, нізка ацэньвае свайго апанента.

«Чалавек, які купіў сабе нейкі статус у Расіі, «выклікаецца» весці дыскусію — адкуль ён увогуле ўзяўся?

Я раней яго не бачыў, а пра кнігі не чуў. Казалі толькі, што ён уваходзіць у ВАК і часам з’яўляецца бар’ерам для таленавітых беларусаў, якія спрабуюць у нас абараніцца. Зрэшты, калі чалавек «выходзіць у наасферу», то гэта ўжо футуролаг, а не эканаміст. Я нават не хачу каментаваць ягоныя словы на «Вялікай размове», бо калі людзі не разумеюць сувязі паміж колькасцю грошай у эканоміцы і інфляцыяй, калі ў іхнім лексіконе словы «капіталізм» і «экспансія Захаду», то пра што мне з імі гаварыць? Гэта дыскурс «рускага свету», — кажа Раманчук.

«Такія людзі, як Саладоўнікаў, шмат гадоў пісалі для Лукашэнкі і яго атачэння сваю псеўданавуковую бурду. Сёння эканоміка развальваецца, а яны думаюць, што Лукашэнка зноў купіцца на гэтыя казкі пра перспектывы галактычнай наасфернай эканомікі ў кангламераце з Расіяй? Тут трэба ставіць пытанні пра іх кампетэнтнасць і адпаведнасць займаным пасадам», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?