Падчас работ па добраўпарадкаванні пляцоўкі на гары Гедыміна ў Вільні археолагі знайшлі парэшткі чатырох чалавек, паведамляе Delfi.

Тут і ніжэй фота: Lietuvos nacionalinio muziejaus archyvas

Ёсць здагадка, што гэта могуць быць парэшткі ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў.

«Падчас даследаванняў мы выявілі пахаванні пяці чалавек, але цалкам адкрылі і даследавалі два. У першым пахаванні мы знайшлі парэшткі аднаго чалавека, а другое пахаванне — групавое, у ім знойдзеныя парэшткі трох чалавек», — сцвярджае ў прэс-рэлізе старшы навуковы супрацоўнік аддзела Сярэдніх вякоў і Новага часу Нацыянальнага музея Літвы, археолаг Арунас Калеюс.

Па словах археолага, парэшткі былі пахаваныя са звязанымі за спінай рукамі, без трунаў, яны былі засыпаныя вапнай.

Побач з парэшткамі аднаго з пахаваных знойдзены срэбны медальён, які быў выраблены ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Гэтая знаходка дазваляе археолагам вылучыць гіпотэзу, што пахаванні зробленыя не раней за другую палову XIX стагоддзя. Архіўныя дакументы паказваюць, што гэтыя парэшткі ўжо былі знойдзеныя ў 1915—1916 гадах.

Таму зробленая здагадка, што гэта могуць быць парэшткі ўдзельнікаў паўстання супраць царскіх уладаў Расіі 1863—1864 гадоў, пакараных смерцю ў Вільні, на Лукішкскай плошчы.

У 1863—1864 гадах на Лукішкскай плошчы быў пакараны праз павешанне або расстраляны 21 удзельнік паўстання, у тым ліку і лідары паўстанцаў — Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?