З барадой Караджыча цяжка пазнаць

Арыштаваны былы лідэр басьнійскіх сербаў Радаван Караджыч, якога вінавацяць у ваенных злачынствах у Босьніі. У прыватнасьці, ён мае дачыненьне да забойства 7500 мірных жыхароў у Срэбраніцы. Ягоная віна відавочная: сэрбы здымалі масавыя экзэкуцыі на відэа, а генэралы далі паказаньні, што загад сыходзіў менавіта ад Караджыча. Караджыч жыў у Бялградзе і займаўся прыватнай мэдыцынскай практыкай. Суд прыняў ужо рашэньне аб ягонай выдачы Гаагскаму трыбуналу. Гэта зьнімае перашкоду на шляху эўраінтэграцыі Сэрбіі.

Арыштаваны былы лідэр басьнійскіх сербаў Радаван Караджыч. Цяпер ён знаходзіцца ў турме ў Бялградзе. Пра гэта ў панядзелак увечары заявіў прэзыдэнт Сербіі Барыс Тадзіч.

Арыштаваны экс‑лідэр басьнійскіх сербаў Радаван Караджыч займаўся альтэрнатыўнай мэдыцынай, меў прыватную практыку і жыў у Бялградзе. Пра гэта на прэс‑канфэрэнцыі пазьней заявілі сербскія ўлады.

Ён адпусьціў бараду, а таму яго было цяжка пазнаць.

Караджыч нарадзіўся ў 1945 г. у Чарнагорыі. Паводле адукацыі доктар‑псіхіятр. Вядомы таксама як паэт і празаік.

Радавана Караджыча вінавацяць у ваенных злачынствах у Босьніі, у прыватнасьці ў датычнасьці да забойства сямі з паловай тысяч мусульманаў ў Срэбраніцы (Усходняя Босьнія). Тады былі зьнішчаныя ўсе мужчыны і падлеткі, якія жылі ў горадзе. Караджыч стаяў на чале Рэспублікі Сэрбскай, якая спрабавала правесьці этнічную чыстку Босьніі.

Караджыч і камандуючы арміяй басьнійскіх сербаў Ратка Младзіч некалькі гадоў расшукваліся Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі.

Пасьля падпісаньня Дэйтанскіх пагадненьняў у 1996 г. Караджыч і Младзіч зьніклі. Хадзілі чуткі, што яны хаваюцца ў Расеі, і нават у Беларусі. Прынамсі пра тое, што Караджыч некалькі месяцаў хаваўся ў нашай краіне напісала ў сваіх мэмуарах Фляранс Артман – памочніца былога генэральнага пракурора Міжнароднага ваеннага трыбунала па былой Югаславіі Карлы дэль Понтэ.

Схапілі Караджыча ў аўтобусе, што кіраваўся ў бялградзкі прыгарад.

Былы лідэр басьнійскіх сербаў адкідае ўсе абвінавачаньні на свой адрас, а таксама адмаўляецца прызнаць законнасьць ваеннага трыбуналу ААН.

Але юрысты зазначаюць, што даказаць ягоную віну ня цяжка. Супраць Караджыча далі паказаньні ягоныя былыя генэралы.

Апроч таго існуюць неаспрэчныя доказы віны Караджыча і Младзіча. У распараджэньні судзьдзяў знаходзяцца відэазапісы, на якіх басьнійскія сэрбы расстрэльваюць мусульманаў у Срэбраніцы.

* * *

У Сараева — сталіцы Босьніі — тысячы чалавек выбеглі на вуліцы, каб сьвяткаваць арышт Караджыча. "Гэта найлепшае, што магло адбыцца. Людзі паўсюль сьвяткуюць гэтую падзею. Я патэлефанаваў і пабудзіў усю сваю сям'ю", - цытуе Бі-Бі-Сі словы жыхара басьнійскай сталіцы Фадзіла Біко.

У Бялградзе меркаваньні наконт арышту Караджыча падзяліліся. Адныя лічаць, што Барыс Тадзіч здрадзіў нацыянальным інтарэсам і Вялікай Сербіі, іншыя адназначна вітаюць арышт Караджыча.

Такім чынам Барыс Тадзіч выканаў сваё перадвыбарнае абяцаньне: Караджыч арыштаваны, а Сербія робіць чарговы крок у Эўрасаюз. Арышт і суд над Караджычам - гэта адна з умоваў уступленьня Сербіі ў ЭС.

Арышт экс‑лідэра басьнійскіх сербаў вітае ААН, НАТО, Гаагскі трыбунал, Эўрасаюз. Прэс‑служба Белага дому павіншавала ўрад Сербіі і выказала падзяку ўдзельнікам апэрацыі за мужнасьць і прафэсіяналізм.

«Арышт адбыўся празь некалькі дзён пасьля ўгодкаў масавага забойства больш чым 7 тысяч басьнійскіх мусульман у Срэбраніцы. Няма лепшай памяці ахвяр ваеннага гвалту, чым прывядзеньне іх забойцаў на лаву падсудных», ‑‑ гаворыцца ў заяве.

Былы амэрыканскі прадстаўнік у ААН Рычард Холбрук заявіў у інтэрвію Бі-Бі-Сі, што адзін "з асноўных душагубаў нарэшце ізаляваны.

«Адзін з самых страшных у сьвеце людзей -- эўрапейскі бін Ладэн - нарэшце злоўлены», - кажа Холбрук.

* * *

Караджыч будзе перададзены Міжнароднаму трыбуналу па былой Югаславіі. Пра гэта заявіў на прэс‑канфэрэнцыі спэцыяльны пракурор Сербіі па ваенных злачынствах Уладзімір Вукчэвіч.

Паводле яго словаў, суд ужо прыняў рашэньне пра перадачу Караджыча Гаагскаму трыбуналу.

***

Абвінавачаньні Радавану Караджычу

Пракуроры Гааскага трыбуналу выстаўляюць Радавану Караджычу абвінавачаньні ў злачынстваў супраць чалавецтва, парушэньнях законаў і звычаяў вайны (ваенных злачынствах) і генацыдзе, усяго па 11 пунктах:

- Як асобныя абвінавачаньні праходзяць генацыд (у Срэбраніцы) і суўдзел у генацыдзе.

- Забойствы розных катэгорый людзей кваліфікуюцца то як ваенныя злачынствы, то як злачынствы супраць чалавецтва.

- Зьдзекі з мусульманаў і харватаў у канцлягерах у сэрбскай зоне Босьніі, у тым ліку гвалтаваньні, падпадаюць пад артыкул «ганеньні паводле расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай прыкметы».

- Дэпартацыя (злачынства супраць чалавецтва).

- Незаконны тэрор супраць грамадзянскіх асобаў (ваеннае злачынства)

- Захоп закладнікаў (ваеннае злачынства)

- Іншыя нялюдзкія акты (злачынствы супраць чалавецтва)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?