Прыватызацыя кожнага беларускага прадпрыемства будзе адбывацца ў індывідуальным парадку з улікам значнасьці для дзяржавы.

Пра гэта паведаміла начальнік упраўленьня рэфармаваньня дзяржаўнай уласнасьці Фонду дзяржмаёмасьці Ірына Баркоўская. Яна адзначыла, што расейскіх інвэстараў ня пусьцяць да масавай прыватызацыі.

«У некаторых нашых дырэктараў заводаў ёсьць турбаваньні, што расейскі капітал прыйдзе і ўсё скупіць. Але мы гэтага дапускаць ня будзем. Хаця мы і абвясьцілі масавую прыватызацыю, але падыход да яе ажыцьцяўленьня будзе індывідуальным … Будзем глядзець, наколькі гэта значнае для нас прадпрыемства і якая зацікаўленасьць у ім інвэстараў. Таксама будзем вызначацца і з кожным канкрэтным інвэстарам —пры стварэньні ААТ, альбо потым пры продажы акцыяў, каб ведаць, які пакет акцыяў ім прапанаваць», — перадае БелТА словы Ірыны Баркоўскай.

Яна не выключае, што на першапачатковым этапе інвэстарам будуць прапанаваныя пакеты акцыяў да 25% ад статутнага фонду. «Як правіла, такія пакеты ўжо цікавяць інвэстараў, гэта дае ім рэальную ўладу ў створаным таварыстве», — падкрэсьліла спэцыяліст.

Баркоўская: масавая прыватызацыя выклікана неабходнасьцю вялікіх вонкавых фінансавых уліваньняў

Ірына Баркоўская заявіла, што абвешчаная ў краіна масавая прыватызацыя выклікана неабходнасьцю «ажыўленьня эканомікі прадпрыемстваў» за кошт вонкавых рэсурсаў.

«Мы павінны адмаўляцца ад практыкі аказаньня дапамогі дзяржавы прадпрыемствам. Хаця, магчыма, нейкім асабліва значным дзяржава будзе прадастаўляць падтрымку, але для ажыўленьня эканомікі прадпрыемстваў яны павінны шукаць вонкавыя рэсурсы. На гэта і скіраваны плян прыватызацыі», — падкрэсьліла яна.

Начальнік упраўленьня фонда таксама паведаміла, што з прыняцьцем гэтага пляну прыватызацыі ў Дзяржкаммаёмасьці разгортваецца вялікая праца з міністэрствамі і ведамствамі, прадпрыемствамі. На тых прадпрыемствах, якія плянуецца акцыянаваць у 2008 годзе, неабходна правесьці ўсе неабходныя праверкі для падрыхтоўкі дакумэнтаў на прыватызацыю.

Паводле telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0