У Мінгарвыканкам 8 лютага паўторна пададзеная заяўка на правядзенне 25 сакавіка шэсця з нагоды Дня Волі.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік Мінгарвыканкама запэўніў арганізатараў, што заяўка зарэгістраваная, і назваў рэгістрацыйны нумар.

Подпісы пад заяўкай паставілі прадстаўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі, Партыі БНФ Дзмітрый Каспяровіч і руху салідарнасці «Разам» Аляксандр Макаў.

Заяўнікі просяць дазволіць правесці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

Першая заяўка на правядзенне акцыі была перададзеная ў Мінгарвыканкам 6 студзеня. 7 лютага стала вядома, што ўлады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай гаварылася, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумент пад назвай «Абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)». Уласна заяўкі на правядзенне шэсця пададзена не было, як гэта прадугледжана законам «Аб масавых мерапрыемствах».

Акрамя таго, улады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што «арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб'яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках пра дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы». На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, «станоўча вырашыць разгляданае пытанне» аб дазволе шэсця ў Дзень Волі «не ўяўляецца магчымым».

Заяўнікі акцыі, у сваю чаргу, сцвярджалі, што ў студзені ў Мінгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў. Тым не менш аргкамітэт святкавання Дня Волі вырашыў падаць паўторную заяўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0