Піраты напалі на судна «Бі-бі-сі Карыбеан» ля берагоў Нігерыі і захапілі ў закладнікі маракоў з Расіі і Украіны, паведамляе ВВС са спасылкай на пасольства Расіі ў Абуджы.

«У тэрытарыяльных водах Нігерыі адбыўся пірацкі напад на судна «BBC Caribbean». З борта судна выкрадзеныя сем грамадзян Расіі і грамадзянін Украіны», — гаворыцца ў паведамленні пасольства ў твітары.

Як удакладніў прэс-аташэ расійскага пасольства Арцём Раманаў, напад адбыўся яшчэ 5 лютага.

Паводле даных выдання Maritime Herald, узброеныя піраты на маторнай лодцы атакавалі судна ў Гвінейскім заліве недалёка ад нафтавага тэрмінала ў раёне дэльты ракі Нігер.

Расійскія дыпламаты звярнуліся да ўладаў Нігерыі з просьбай аб садзейнічанні ў высвятленні месцазнаходжання выкрадзеных.

Грузавое судна «BBC Caribbean», па інфармацыі сайта marinetraffic.com, ходзіць пад сцягам астраўной дзяржавы Антыгуа і Барбуда. Як расшыфроўваецца абрэвіятура ў яго назве, не паведамляецца.

Піраты ў Гвінейскім заліве рэгулярна захопліваюць у закладнікі маракоў розных краін.

У дакладзе амерыканскай арганізацыі Oceans Beyond Piracy, які выйшаў у маі 2016 года, гаворыцца, што Гвінейскі заліў стаў самым небяспечным месцам на Зямлі для мараплаўцаў з-за павышанай актыўнасці піратаў. Як гаворыцца ў дакладзе, раней піраты пераважна імкнуліся захопліваць нафтавыя танкеры з-за іх грузу, але з падзеннем цэн на нафту яны пераключыліся на выкраданне людзей дзеля выкупу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?