Брыфінг украінскага МУС прайшоў 8 лютага. Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што следства дазволіла вынесці на публіку толькі частку інфармацыі аб справе.

Па справе дапыталі 1850 чалавек, апрацоўваецца 150 тысяч тэрабайт інфармацыі з камер відэаназірання. Таксама следчыя працуюць з прыватнымі дзённікамі Шарамета.

Была праведзеная і экспертыза выбуховай прылады. Выбухоўка была супрацьпяхотнай мінай з самаробным электрычным дэтанатарам, якую побытавымі магнітамі прычапілі да дна машыны пад месца кіроўцы.

Таксама ёсць у справе і падазраваныя.

У розныя дні адны і тыя ж людзі — мужчына і жанчына — прагульваліся па тым жа месцы, прыглядаючыся да камер назірання. Яны перыядычна мянялі знешнасць, падчас шпацыраў здымалі камеры на свае гаджэты, прыглядаліся да завулкаў побач.

Іх заўважылі якраз з дапамогай тых самых камер назірання.

Выбухоўку заклалі ўначы — імаверна, гэта была жанчына. Працэс закладкі склаў 10 секунд.

Удзень імаверна яна ж — у парыку і сонечных акулярах — і прывяла ў дзеянне выбухоўку. Затым пайшла ў метро.

То бок, на думку следства, забойства арганізавала група асоб.

«Не выключаем версію забойства, замова на якое паступіла з Расійскай Федэрацыі», — сказаў Авакаў.

Нагоды так лічыць, на яго думку, наступныя: Шарамет быў блізкім сябрам Нямцова. Уладзімір Кара-Мурза, былы памочнік і сябар Немцова, быў у Кіеве за тры дні да забойства Шарамета. Сустракаўся з журналістам, абмяркоўваў дапамогу таго ў стварэнні фільма пра Нямцова. Пасля Шарамет быў забіты. Неўзабаве невядомыя атруцілі і Кара-Мурзу.

Таксама, падкрэсліў Авакаў, аналагічныя метады «працы» забойцаў выкарыстоўваліся пры спробе забойства Антона Герашчанкі — украінскага дэпутата, які ствараў базу даных тэрарыстаў.

Дарэчы, у расследаванні справы украінскай паліцыі дапамагалі эксперты ФБР.

Таксама галоўнае следчае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі Украіны назвала пяць версій аб матывах рэзананснага забойства Паўла Шарамета. Яны наступныя:

  • прафесійная дзейнасць на тэрыторыях РФ і Беларусі;
  • памылка ў аб'екце злачынства, а менавіта — рыхтавалася забойства ўладальніка «Украінскай Праўды» Алены Прытулы;
  • прафесійная дзейнасць (менавіта за яго крытычныя публікацыі ва «УП» і выступы на радыё «Весці»);
  • дэстабілізацыя сітуацыі ў дзяржаве, накіраваная на фармаванне лжывага негатыўнага ўспрымання грамадска-палітычнай сітуацыі ва Украіне;
  • канфліктныя сітуацыі ў асабістым жыцці Паўла Шарамета адносна яго сямейнага, камерцыйнага і фінансавага становішча.

Прыярытэтнай версіяй з’яўляецца ўсё ж прафесійная дзейнасць журналіста.

Нагадаем, вядомы журналіст Павел Шарамет быў забіты ў Кіеве раніцай 20 ліпеня. Яго ўзарвалі ва ўласным аўтамабілі ў цэнтры горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?