Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў канцы лістапада 2016 года, але толькі 30 студзеня, калі з'явіліся вынікі экспертызы, была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 218 КК Беларусі «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці».

«Перадгісторыя гэтай справы наступная: жылі муж і жонка, і быў у іх сябар сям'і — сведка з вяселля, — распавядае ranak.by следчы Светлагорскага РАСКа Яўген Яўстраценка. — Муж і жонка пасварыліся, і кожны з іх скардзіўся сведку адзін на аднаго. Праз некаторы час паездкі з сябрам сям'і на каву прывялі да таго, што жонка сышла ад мужа».

Па словах следчага, муж і жонка яшчэ не развяліся, але жанчына ўжо сышла жыць да таго самага сведкі.

«Уначы з 27 на 28 лістапада 2016 года кінуты муж прыехаў да дому суперніка, аднак дзверы кватэры яму ніхто не адчыніў, — кажа Яўстраценка. — Тады ён выйшаў на двор і стаў граміць машыну былога сябра: скакаў, біў, мяў. Затым сышоў дадому, але раніцай вярнуўся, вырашыўшы, што зробленага мала. У другі раз мужчына надрапаў на машыне некалькі мацюкальных слоў. Уладальнік аўтамабіля «Хонда» звярнуўся ў міліцыю».

Правялі экспертызу: пашкоджаныя капот, пярэдняе і задняе левыя крылы, дэкаратыўная накладка на вечку багажніка былі ацэненыя больш чым у 900 рублёў, што з'яўляецца значнай шкодай і цягне за сабой завядзенне крымінальнай справы.

Цяпер пакрыўджанаму 25-гадоваму мужу пагражае пакаранне — ад грамадскіх работ да двух гадоў абмежавання волі. Дарэчы, у момант здзяйснення злачынства мужчына, хутчэй за ўсё, быў цвярозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0